Віцебскі канцэрн "Мяса-малочныя прадукты" ў студзені-кастрычніку павялічыў адгрузкі ў краіны ЕС у 1,5 раза
20 лістапада, Верхнядзвінскі раён /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Прадпрыемствы дзяржаўнага аб'яднання "Віцебскі канцэрн "Мяса-малочныя прадукты" за 10 месяцаў бягучага года адгрузілі ў краіны ЕС прадукцыі ў 1,5 раза больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар аб'яднання Віктар Славецкі.
З пачатку года ў дзяржавы Еўрасаюза экспартавана прадукцыі на $10 млн. Узрос тавараабарот з Польшчай, Германіяй. Упершыню прадпрыемствы вобласці здзейснілі пастаўкі казеіну ў Латвію і Літву. Партыі сухога малака адпраўлены ў Сінгапур, Індыю, Манголію, Сірыю, Панаму, ЗША, Венесуэлу, Лівію.
Значна пашырана геаграфія продажаў у краіны СНД. У 5 разоў узраслі пастаўкі ва Украіну, Азербайджан, Казахстан. Тавараабарот з Расіяй склаў $102,9 млн. У Казахстане і Расіі створаны сумесныя прадпрыемствы, працуюць гандлёвыя прадстаўніцтвы ў Маскве і Санкт-Пецярбургу.
Активная пазіцыя маркетынгавых службаў дазволіла прадпрыемствам практычна поўнасцю рэалізаваць складскія запасы. У цяперашні час на прадпрыемстве няма рэшткаў масла, сухога цэльнага малака, казеіну. Па стане на 19 лістапада рэшткі малочнай прадукцыі з улікам адгружаных і аплачаных кантрактаў склалі Br28,9 млрд.
У студзені-кастрычніку бягучага года прадпрыемствы канцэрна вырабілі прадукцыі на Br1,2 трлн., што на 12% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У склад канцэрна ўваходзяць 4 мясаперапрацоўчыя і 8 малочнаперапрацоўчых прадпрыемстваў.-0-