Віцебскі краязнаўчы музей бясплатна адчыніць дзверы знаўцам творчасці Яна Баршчэўскага ў Ноч музеяў

13 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Веданне творчасці Яна Баршчэўскага дапаможа ў Ноч музеяў 16 мая бясплатна трапіць у Віцебскі абласны краязнаўчы музей, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў музеі. "Падарожжа ў свет таямнічага" - пад такой назвай пройдзе сёлетняя акцыя, прымеркаваная да 220-годдзя з дня нараджэння Яна Баршчэўскага і заснаваная на яго творах. Наведвальнікі змогуць супаставіць свае асацыяцыі з яго ўяўленнямі аб вобразе Беларусі. На думку музейшчыкаў, дзякуючы Яну Баршчэўскаму вобраз краіны пад белымі крыламі з'яўляецца сакральным. Галоўнай падзеяй музейнай ночы ў Віцебску стане выстава графічных ілюстрацый Валерыя Славука да самага вядомага твора Яна Баршчэўскага "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях" з інсталяцыяй некаторых работ. У акцыі таксама возьмуць удзел Віцебскае дзяржаўнае вучылішча мастацтваў, харэаграфічныя калектывы горада, а завершыцца Ноч музеяў у Віцебску паказам фантастычных мадэлей адзення, падрыхтаваных студэнтамі Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, і fire-show. У Полацку традыцыйная для Полацкага нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Ноч музеяў плаўна пяройдзе ў Тыдзень музеяў. Усе выставы будуць прысвечаны 65-годдзю Перамогі. Дзіцячы музей правядзе са сваімі наведвальнікамі камп'ютарную гульню "Аперацыя "Баграціён", а каля Дома афіцэраў разгорнецца інтэрактыўная экспазіцыя "Ваенная тэхніка і зброя". У Міжнародны дзень музеяў, 18 мая, музеі Полацка будуць працаваць бясплатна, у астатнія дні Тыдня музеяў білет не будуць патрабаваць у ветэранаў вайны. Ноч музеяў стала знамянальнай культурнай падзеяй у Еўропе з 2005 года. Штогод яна аб'ядноўвае больш за 2 тыс. музеяў у 40 краінах.-0-