Віцебскі лікёра-гарэлачны завод у 2011 годзе прыступіць да выпуску каньякоў
3 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. РУП "Віцебскі лікёра-гарэлачны завод "Прыдзвінне" ў 2011 годзе накіруе ў асноўны капітал Br5,5 млрд., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве.
Значны аб'ём інвестыцый будзе накіраваны на развіццё каньячнай вытворчасці. Так, ужо ў бягучым месяцы завод плануе запусціць новую італьянскую лінію разліву каньякоў у сувенірныя бутэлькі магутнасцю 3 тыс. бутэлек у гадзіну. Каньякі будуць разлівацца ў восем відаў бутэлек рознай формы і аб'ёмам ад 0,1 да 0,7 л.
Цяпер у вольным цэху прадпрыемства завяршаецца рэканструкцыя пад арганізацыю ўласнай вытворчасці каньякоў. Сыравіну - каньячныя спірты трох-, пяці- і сямігадовай вытрымкі - Віцебскі лікёра-гарэлачны завод будзе закупляць у вядомых вытворцаў каньяку, а выпускаць напой па рэцэптурах сваіх тэхнолагаў. Плануецца, што першая партыя ўласнага каньяку з'явіцца ў жніўні-верасня. Усяго ў 2011 годзе прадпрыемства мае намер выпусціць 15 тыс. дал каньяку ўласнай вытворчасці і 13 тыс. дал - налівам.
Акрамя таго, будзе далей развівацца вытворчасць безалкагольных напояў. Так, у другім квартале бягучага года завод плануе прыступіць да выпуску пітной вады ў бутэльках аб'ёмам 6 л на Лынтупскім філіяле, а на галоўным прадпрыемстве - да разліву мінеральнай вады ў фірменную шкляную бутэльку аб'ёмам 0,33 л і 0,75 л.
За мінулы год прадпрыемства выпусціла прадукцыі на суму звыш Br85 млрд., або 109,6% да ўзроўню 2009 года. Гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў за гэты перыяд выпушчана 1,5 млн. дал (100,5% да ўзроўню 2009 года), безалкагольных напояў - 52 тыс. дал (179,3%), каньяку - 15 тыс. дал (115,4%), спірту-рэктыфікату - 1,3 млн. дал (105,6%), мінеральных вод - 709 тыс. паўлітраў. Інвестыцыі за 2010 год склалі каля Br5 млрд.
Экспарт за мінулы год вырас у 5,5 раза і склаў каля $2,2 млн. Пастаўкі алкагольнай прадукцыі ажыццяўляліся ў краіны Балтыі, Расію, Арменію, Казахстан, Туркменістан, Грузію, Германію, Балгарыю, Турцыю.
Віцебскі лікёра-гарэлачны завод заснаваны ў 1898 годзе. У склад прадпрыемства ўваходзяць Багушэўскі і Лынтупскі спіртзаводы. Асартымент выпускаемай алкагольнай прадукцыі налічвае больш за 40 найменняў. Сярэдне-спісачная колькасць працаўнікоў - 650 чалавек.-0-