«Віцебскі лістапад-2013» адкрые Андрэй Каралёў
XXVII фестываль-свята аўтарскай песні «ВІЦЕБСКІ ЛІСТАПАД» падрыхтаваў для прыхільнікаў жанру шмат прыемных сустрэч з артыстамі, чыя творчасць прыкметна адрозніваецца ад многіх сучасных музычных тэндэнцый і напрамкаў моды, але пры гэтым актуальная ў сваім звароце да ўнутранага свету чалавека, да яго звычайнага на погляд абывацеля, але ўнікальнага на погляд аўтара-выканаўцы жыцця. І першым, хто прывітае гасцей фестывалю, стане Андрэй КАРАЛЁЎ, які 18 кастрычніка а 19.00 на сцэне канцэртнай залы «ВІЦЕБСК» прадставіць сваю праграму «У СТАРЫМ ГОРАДЗЕ».
Андрэй КАРАЛЁЎ – карэнны віцяблянін, і менавіта тут, у нашым горадзе, бярэ выток яго творчая кар'ера, за гады якой ён паспеў стаць дыпламантам многіх фестываляў («ЗАЛАТЫ СКИФ» (Украіна), «НА ВОЛНЕ ШАНСОНА» (Расія), інш.), прыняць удзел у музычных і тэлевізійных праектах, пабыць членам журы Міжнароднага фестывалю сучаснай дзіцячай і юнацкай песні «ДВА КОТА» (Масква) і, вядома ж, напісаць велізарную колькасць песень і вершаў. Творчасць гэтага артыста спалучае ў сабе розныя музычныя стылі – уласна аўтарскую песню, шансон і эстраду – і адрозніваецца асаблівай шчырасцю, жыццярадаснасцю.
Праграма «У СТАРЫМ ГОРАДЗЕ» стваралася Андрэем КАРАЛЁВЫМ старанна, на працягу ўсяго творчага шляху і ўключыла ў сябе самыя лепшыя і моцныя кампазіцыі. Вялікую частку канцэрта складуць аўтарскія творы. Выступяць на сцэне калегі і сябры: Уладзімір ЦВІКІ, які не мае патрэбы ў прадстаўленні, саксафаніст Сяргей ГВОРЦАЎ, Contemporary Dance Company «POSTSCRIPTUM», а таксама шоў-балет «СЕНСАЦЫЯ».
Андрэй КАРАЛЁЎ абяцае сваім гледачам у гэты восеньскі кастрычніцкі вечар толькі самыя цёплыя эмоцыі і прыемныя ўражанні.
Тэлефоны для даведак і замовы білетаў: 36-30-40, 42-65-91.