Віцебскі «Лакаматыў» прызналі найлепшым спорткомплексам у вобласці
Нават у цяперашнія, няпростыя для эканомікі краіны часы на многіх прадпрыемствах і арганізацыях Віцебшчыны не забываюць пра аздараўленне і сацыяльную абарону сваіх работнікаў. Яркі прыклад — Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі, дзе працуе каля 10 тысяч чалавек. Культурна-спартыўны комплекс «Лакаматыў» амаль чвэрць стагоддзя дазваляе чыгуначнікам, іх сем'ям, а таксама пенсіянерам ведамства трымаць сябе ў добрай фізічнай форме і займацца творчасцю.
Па словах намеснік начальніка Віцебскага аддзялення БЧ Анатоля Ганчара, у калектыўным дагаворы вялікая ўвага нададзена сацыяльнай падтрымцы работнікаў: значныя выплаты налічваюцца пры нараджэнні дзяцей, заключэнні шлюбу, выхадзе на заслужаны адпачынак, у цяжкіх жыццёвых сітуацыях. Рэгулярная матэрыяльная падтрымка пенсіянераў, шматдзетных сем'яў, ёсць магчымасць для аздараўлення дзяцей у лагеры «Магістраль», а работнікаў з сем'ямі — у нядаўна рэканструяваным сучасным санаторыі «Чыгуначнік» на 150 месцаў.
Работнікі і пенсіянеры, а іх на прадпрыемстве каля 4,5 тыс., могуць наведваць усе аб'екты культурна-спартыўнага цэнтра аддзялення, якія ў асноўным размешчаны ў Віцебску. Зрэшты, і ў Полацку для сваіх супрацоўнікаў чыгунка арэндуе басейн і спартыўныя залы.
— Каля трэці нашых супрацоўнікаў — маладыя людзі, — падкрэслівае Анатоль Ганчар. — Мы перакананыя, што здаровы лад жыцця неабходна прывіваць з самых ранніх гадоў, і многае тут залежыць ад сямейнага выхавання. Чыгуначнікі часта жывуць і працуюць па вельмі інтэнсіўным графіку. Таму, нягледзячы на ўсе складанасці, на прадпрыемстве стараюцца па максімуму захаваць усе сацыяльныя выплаты, прадастаўляць магчымасць для заняткаў спортам і творчасцю.
Спорткомплекс «Лакаматыў», які мы наведалі, уражвае сваімі плошчамі, сучасным інтэр'ерам і функцыянальнасцю. Чаго тут толькі няма! 25-метровы басейн на пяць дарожак, аснашчаны сучаснай сістэмай фільтрацыі вады (без паху хлору), дзе можна праводзіць спаборніцтвы па плаванні любога ўзроўню. Малы басейн для дзетак 5-7 гадоў са спецыяльнай сістэмай кандыцыянавання і ацяплення паветра, падлогамі з падагрэвам. Тут жа шыкоўная зала для спартыўных гульняў, дзе рэгулярна праходзяць прэстыжныя спаборніцтвы па футболе, баскетболе і міні-футболе.
У зале агульнай фізічнай падрыхтоўкі займаюцца групы дарослых па розных напрамках фітнесу — ад ёгі да пілатэса. Таксама да паслуг чыгуначнікаў трэнажорная зала, дзве сауны, салярый, футбольны стадыён з выдатным газонам і пляцоўкай са штучным пакрыццём для міні-футбола. У спорткомплексе працуюць каля 40 чалавек, сярод якіх выдатныя атлеты: майстры спорту па плаванні Андрэй Остапюк, па турысцка-прыкладным мнагабор'і Сяргей Козлов, па турысцка-прыкладным мнагабор'і і веласпорце Наталля Восіпук.
Усё гэта дазваляе Віцебскаму аддзяленню чыгункі праводзіць адну з самых масавых спартакіяд сярод работнікаў па 13 відах спорту.
— У спорткомплексе зроблена акцэнт на разнастайнасці відаў дзейнасці, каб кожны мог знайсці сабе заняткі па душы і ўзроўні фізічнай падрыхтоўкі, — адзначае намеснік начальніка цэнтра па фізкультурна-спартыўнай працы Сяргей Козлов. — Пры гэтым найбольш зручны час для наведванняў, вядома, у чыгуначнікаў і іх сем'яў. Зрэшты, дзякуючы высокай прапускной здольнасці комплексу, а штодня тут бываюць ад 800 да 1200 чалавек, у нас дастаткова «вокнаў» і для наведванняў на камерцыйнай аснове. Дзякуючы гэтаму ў мінулым годзе ўдалося зарабіць больш за 3,4 млрд рублёў, што дазволіла выйсці на 70-працэнтную акупуемасць. Адчуваецца і падтрымка прадпрыемства. Штогод толькі на спартыўную дзейнасць выдзяляецца каля 700 млн рублёў.
Таму не дзіўна, што ўжо другі год запар у абласным аглядзе-конкурсе спартыўных збудаванняў «Лакаматыў» займае першае месца.
Аляксандр Кутынко, фота аўтара. «Віцебскія весці».