Віцебскі АЛВ у студзені-красавіку інвеставаў у развіццё вытворчасці Br1,4 млрд.
22 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. РУП "Віцебскі лікёра-гарэлачны завод" інвеставала ў развіццё вытворчасці ў студзені-красавіку гэтага года Br1,4 млрд. пры плане на год Br1,7 млрд., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве.
Сродкі былі накіраваны на будаўніцтва новага збожжасховішча магутнасцю 5 тыс.т збожжа ў год. Яго здача ў эксплуатацыю запланавана на ліпень. Такім чынам, разам з дзеючым збожжасховішчам з аб'ёмам амаль у 7 тыс.т, прадпрыемства зможа задаволіць свае патрэбы ў складскіх памяшканнях, адмовіцца ад паслуг арэнды і самастойна праводзіць першасную апрацоўку збожжа.
Акрамя таго, лікёра-гарэлачны завод пачаў падрыхтоўчыя работы да ўкаранення тэхналогіі мяккага разварвання збожжа пры вытворчасці спірту-рэктыфікату на сваім філіяле - Багушэўскім спіртзаводзе. Рэалізацыя праекта дазволіць павысіць якасць прадукту, а таксама знізіць энергазатраты на 20%, адзначылі спецыялісты.
На галоўным прадпрыемстве прыступілі да другой чаргі праекта па арганізацыі каньячнай вытворчасці, якая прадугледжвае асваенне выпуску каньяку з каньячных спіртоў і пашырэнне яго лінейкі. Цяпер на прадпрыемстве наладжаны толькі разліў гэтага напою, удакладнілі на ЛГЗ.
У найбліжэйшай перспектыве плануецца ажыццявіць і шэраг іншых праектаў, звязаных з пашырэннем асартыменту безалкагольнай прадукцыі і мадэрнізацыяй вытворчасці, дадалі на ЛГЗ.
У 2008 годзе інвестыцыі ў развіццё вытворчасці склалі Br5,9 млрд.
У студзені-красавіку 2009 года прадпрыемства выпусціла прадукцыі на Br16,7 млрд., што на 16,2% больш, чым за такі ж перыяд мінулага года. Рэнтабельнасць рэалізацыі склала 19,5%. На экспарт пастаўлена алкагольнай прадукцыі больш чым на $100 тыс.
Віцебскі лікёра-гарэлачны завод заснаваны ў 1898 годзе. Асартымент выпускаемай алкагольнай прадукцыі налічвае больш за 40 найменняў. Сярэдне-спісачная колькасць работнікаў - звыш 470 чалавек.-0-