Віцебскі маляр пяць гадоў вырабляў фальшывыя бальнічныя лісты

10 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцебскі маляр пяць гадоў вырабляў фальшывыя бальнічныя лісты, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Віцебскага аблвыканкама. Аднойчы работнік адной з будаўнічых арганізацый абласнога цэнтра зразумеў, што праца замінае яго захапленню спіртнымі напоямі. Адмаўляцца ад стабільнага заробку яму не хацелася, таму прыйшлося шукаць адказ на рытарычнае пытанне "што рабіць". Дапамог выпадкова трапіўшы на вочы лісток аб часовай непрацаздольнасці. Паддаўшыся жаданню творчасці, маляр з дапамогай спецыяльна вырабленых хімічных рэагентаў вытраўляў са старога дакумента старыя дадзеныя і ўпісваў патрэбныя. На прадпрыемстве падробка не выклікала сумневаў, што і стала асновай для далейшай актыўнай дзейнасці "мастака". З 2004 па 2009 год мужчына "выдаў" дзясяткі бальнічных сабе, сваёй грамадзянскай жонцы, а таксама шырокаму колу знаёмых, якія былі не супраць апынуцца на аплачваемых дзяржавай канікулах. Свае паслугі ён ацэньваў у сумы ад Br50 тыс. да Br250 тыс. Прыбытковае хобі, якое патрабавала поўнай самааддачы, настолькі захапіла творчую натуру, што з часам мужчына нават закадаваўся. Аднак усё таемнае калі-небудзь становіцца яўным: таленавіты "мастак" аказаўся дрэнным хімікам, таму з часам падробка станавілася заўважнай. У адзін не вельмі прыгожы дзень на парозе яго дома з'явіліся супрацоўнікі міліцыі. Пры вобыску імі было канфіскавана 180 клішэ штампаў і пячатак розных медустаноў і чарговы, які знаходзіўся "у працы" бальнічны ліст для кліента (чыстых бланкаў віцябляніну так і не ўдалося раздабыць). За падробку і выкарыстанне афіцыйных дакументаў, выраб фальшывых штампаў і пячатак у дачыненні да мужчыны ўзбуджана крымінальная справа па ч.2 арт.380 Крымінальнага кодэкса Беларусі, якая прадугледжвае да трох гадоў пазбаўлення волі.-0-