Віцебскі маслаэкстракцыйны завод пачаў будаўніцтва сушыльна-элеватарнага комплексу на 20 тыс. т
3 сакавіка, Мінск /Тамара Даўгалюк - БЕЛТА/. Віцебскі маслаэкстракцыйны завод пачаў будаўніцтва сушыльна-элеватарнага комплексу ёмістасцю 20 тыс.т. Аб гэтым паведаміла сёння журналістам намеснік дырэктара па эканоміцы і фінансах прадпрыемства Наталля Леанова, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На прадпрыемстве распрацавана інвестпраграма на 2010 год, якая прадугледжвае не толькі будаўніцтва гэтага комплексу, але і ўвод у эксплуатацыю ўласнай кацельні, што значна знізіць энергазатраты. Таксама плануецца далейшая мадэрнізацыя падрыхтоўчага аддзялення. "Гэта дазволіць палепшыць якасць гатовай прадукцыі і павялічыць яе аб'ёмы", - адзначыла Наталля Леанова.
У 2009 годзе было ўведзена ў дзеянне абсталяванне па ачыстцы масланасення на элеватары, а таксама часткова абноўлена абсталяванне падрыхтоўчага і фільтравальнага аддзялення. Аб'ём інвестыцый склаў Br5,3 млрд.
Па словах Наталлі Леановой, мадэрнізацыя дазволіла прадпрыемству ў мінулым годзе павялічыць долю экспарту да 80% ад аб'ёму вытворчасці, што склала $26,5 млн. Заўважна пашырылася і геаграфія паставак. У яе ўвайшлі не толькі краіны Балтыі, але і Германія, Польшча і Украіна. "Сёння рапсавы алей запатрабаваны як на ўнутраным, так і на знешнім рынках. Яго папулярнасць у свеце пастаянна расце", - дадала яна.
Усяго ў 2009 годзе Віцебскі МЭЗ перапрацаваў больш за 66 тыс.т масланасення рапсу і вырабіў каля 28 тыс.т алею, што склала 130,4% да 2008 года.
Прадпрыемства заснавана ў 1931 годзе. Цяпер ААТ "Віцебскі маслаэкстракцыйны завод" - адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі, якія спецыялізуюцца на выпуску расліннага нерафінаванага алею, у тым ліку рапсавага для харчовых і тэхнічных мэт. На яго долю прыпадае каля 30% аб'ёму вырабляемых у Беларусі нерафінаваных алеяў. Таксама завод выпускае рапсавы шрот. У 2008 годзе ўведзены ў эксплуатацыю новы маслаэкстракцыйны цэх, аснашчаны сучасным еўрапейскім абсталяваннем прадукцыйнасцю па перапрацоўцы алейнай сыравіны 300 т у суткі. Цалкам аўтаматызавана кіраванне тэхналагічным працэсам. На прадпрыемстве ўкаранёна сертыфікаваная сістэма менеджменту якасці на адпаведнасць патрабаванням СТБ ISO 9001.-0-