Віцебскі маслаэкстракцыйны завод плануе ў пачатку 2010 года ўвесці ў эксплуатацыю кацельню

26 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. ААТ "Віцебскі маслаэкстракцыйны завод" плануе ў пачатку 2010 года ўвесці ў эксплуатацыю ўласную кацельню, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Уладзімір Ермалік. Праект рэалізуецца ў адпаведнасці з праграмай паэтапнай рэканструкцыі прадпрыемства, разлічанай да 2015 года. На будаўніцтва кацельні і яе аснашчэнне сучасным абсталяваннем плануецца накіраваць каля Br4,6 млрд. уласных сродкаў і крэдытных рэсурсаў банкаў. Прадпрыемства адчувае патрэбу ў больш якасным цепланосьбіце для забеспячэння аптымальнага функцыянавання новай экстракцыйнай лініі, адзначыў Уладзімір Ермалік. Акрамя таго, будаўніцтва кацельні дазволіць заводу знізіць энергетычныя затраты прыкладна на 30%. Новая экстракцыйная лінія, уведзеная ў эксплуатацыю ў 2008 годзе, разлічана на перапрацоўку 300 т насення ў суткі. "Для поўнай загрузкі створаных магутнасцей неабходна таксама мадэрнізаваць існуючае абсталяванне падрыхтоўчага аддзялення, што ў канчатковым выніку дасць магчымасць мінімізаваць затраты і забяспечыць аптымальны сабекошт прадукцыі", - дадаў Уладзімір Ермалік. Сёння прадпрыемства праводзіць у падрыхтоўчым аддзяленні замену трох маслапрэсаў, гэта дазволіць павялічыць прадукцыйнасць па перапрацоўцы алеістых насення рапсу з 200 т да 250 т у суткі. Усе работы вядуцца без прыпынку вытворчага працэсу. У планах прадпрыемства і будаўніцтва новага элеватара ёмістасцю 90 тыс. т, які цалкам забяспечыць гадавую патрэбу завода ў сыравіне. Прадпрыемства заснавана ў 1931 годзе і з'яўляецца найбуйнейшым у Беларусі вытворцам нерафінаванага расліннага алею, выпрацоўваючы больш за 30% агульнага аб'ёму сырых алеяў у Беларусі. Завод вырабляе рапсавы алей для харчовых і тэхнічных мэт, а таксама рапсавы шрот. У 2007 годзе на прадпрыемстве ўкаранёна міжнародная сістэма менеджменту якасці ІСА 9001-2001.-0-