Віцебскі маслаэкстракцыйны завод увёў у эксплуатацыю ўласную кацельню

16 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. ААТ "Віцебскі маслаэкстракцыйны завод" увёў у эксплуатацыю ўласную кацельню, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны інжынер прадпрыемства Анатоль Аўсеенка. Праект рэалізаваны ў адпаведнасці з дзяржпраграмай развіцця маслатлушчавой галіны. На будаўніцтва аб'екта і яго аснашчэнне сучасным абсталяваннем накіравана каля Br2,7 млрд. уласных сродкаў прадпрыемства і сродкаў інавацыйнага фонду канцэрна "Белгаспашчпрам". У кацельні ўстаноўлены два катлы Vitomax 200HS нямецкай кампаніі Viessmann, якія дазваляюць выпрацоўваць па 4 т пары ў гадзіну. Котлаагрэгаты аснашчаны сістэмай аўтаматыкі і блокам каскаднага кіравання. Кацельня працуе на прыродным газе і забяспечвае асноўны тэхналагічны працэс экстракцыі якасным цепланосьбітам, які адпавядае па ціску і тэмпературы патрэбам вытворчасці. Акрамя таго, аб'ект дае магчымасць знізіць энергетычныя затраты ў структуры сабекошту прадукцыі. Інвестыцыйная праграма Віцебскага маслаэкстракцыйнага завода на 2010 год прадугледжвае таксама будаўніцтва сушыльна-элеватарнага комплексу ёмістасцю 20 тыс.т. Для поўнай загрузкі створаных раней магутнасцей па перапрацоўцы 300 т алеістага насення рапсу ў суткі неабходна працягнуць мадэрнізацыю існуючага абсталявання падрыхтоўчага аддзялення, што ў выніку дасць магчымасць мінімізаваць затраты і забяспечыць аптымальны сабекошт прадукцыі. Усе работы вядуцца без прыпынку вытворчага працэсу. Віцебскі маслаэкстракцыйны завод заснаваны ў 1931 годзе, сёння прадпрыемства з'яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў у Беларусі, якія спецыялізуюцца на выпуску расліннага нерафінаванага алею, у тым ліку рапсавага, для харчовых і тэхнічных мэт. На яго долю прыпадае каля 20% аб'ёму вырабляемых у Беларусі раслінных алеяў. Завод таксама выпускае рапсавы шрот. На прадпрыемстве ўкаранёна сертыфікаваная сістэма менеджменту якасці на адпаведнасць патрабаванням СТБ ISO 9001.-0-