Віцебскі медыцынскі каледж адзначае падвойны юбілей

У траўні тут адзначалі 95-годдзе з моманту адкрыцця ў 1921 годзе ў абласным цэнтры фельчарскай школы. Але высветлілася, што першая сярэдняя медыцынская ўстанова з'явілася ў Віцебску значна раней, 15 лістапада 1871 года, гэта значыць 145 гадоў таму! Гістарычную справядлівасць удалося аднавіць дзякуючы карпатлівай працы кіраўніцтва каледжа ў архівах. На днях начальнік упраўлення аховы здароўя аблвыканкама Юрый Дзеркач падпісаў загад аб новай гістарычнай даце стварэння медкаледжа.


Трохі гісторыі

З 2012 года каледж узначальвае кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Валянціна Заяц. Захапленне Валянціны Іванаўны – гісторыя. Дзякуючы яе намаганням у мінулым годзе ва ўстановачным корпусе каледжа урачыста адкрылася гістарычная алея, якая ахоплівае перыяд з 1921 па 2016 гады.

І вось зусім нядаўна з энцыклапедычных і архіўных матэрыялаў стала вядома, што загад аб стварэнні першай фельчарскай школы ў Віцебску быў падпісаны ў 1871 годзе, з 1872-га пасля адбору кандыдатаў з Віцебскай губерні пачаліся заняткі. Да 1879-га адбылося 5 выпускаў, затым падрыхтоўка фельчараў працягнулася ў Магілёве. У Віцебску спецыяльная медыцынская навучальная ўстанова зноў з'явілася толькі ў 1906 годзе – гэта была прыватная фельчарска-акушэрская школа, якая праіснавала да 1913-га.

А ў 1921 годзе на вуліцы Талстога, 14 запрацавала школа акушэрак з трохгадовым тэрмінам навучання. У наступным установа адукацыі называлася па-рознаму: акушэрскі, а затым медыцынскі тэхнікум, фельчарска-акушэрская школа, медыцынскі політэхнікум, медыцынскае вучылішча, з 2006 года – медыцынскі каледж.

Але мэта і задачы яго былі і застаюцца ранейшымі: падрыхтоўка кадраў з сярэдняй медыцынскай адукацыяй. Да адкрыцця ў 1934 годзе медыцынскага інстытута ў асноўным менавіта тэхнікум забяспечваў Віцебшчыну медыцынскімі кадрамі.

Пачынаючы з 1921 года змянілася 14 кіраўнікоў. Больш за ўсіх (29 гадоў) узначальвала навучальную ўстанову Марыя Станавенка. Створаныя калектывам на чале з Марыяй Андрэеўнай матэрыяльная і

вучэбна-метадычная база сталі асновай для далейшага развіцця. З 1994 па 2012 гады медкаледж узначальваў Аляксандр Цецоха, цяпер дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Адбыўся пераезд вучэбнай установы ў іншы будынак, з'явілася свая спартыўная зала, адкрываліся новыя спецыяльнасці.

Падвойны выпуск

Гэты навучальны год для Віцебскага медыцынскага каледжа, як і для іншых падобных устаноў, асаблівы. З-за скарачэння тэрмінаў навучання на год у 2017 годзе адбудзецца падвойны выпуск маладых спецыялістаў, і ўсіх іх плануюць забяспечыць першым працоўным месцам.

Па словах Валянціны Заяц, гэта дазволіць забяспечыць сярэднім медыцынскім персаналам усе ўстановы аховы здароўя Віцебшчыны і не толькі.

Віцебскі медыцынскі каледж – адзіная ў Беларусі профільная навучальная ўстанова, дзе вядзецца падрыхтоўка медыкаў з сярэдняй адукацыяй адразу па пяці спецыяльнасцях: «Лячэбная справа», «Сястрынская справа», «Медыка-дыягнастычная справа», «Медыка-прафілактычная справа», «Фармацыя». Дзякуючы гэтаму можна забяспечыць кадрамі лячэбна-прафілактычныя ўстановы, санітарна-эпідэміялагічную службу, аптэчную сетку. У планах – аднаўленне падрыхтоўкі зубных тэхнікаў.

Цяпер у каледжы вучыцца больш за 500 чалавек, 1,5 тыс. спецыялістаў з медыцынскай адукацыяй штогод тут павышаюць кваліфікацыю і праходзяць перападрыхтоўку.

– Аснова сучаснай медыцыны - сярэдні медыцынскі персанал, – падкрэслівае Валянціна Заяц. – Асноўны акцэнт у навучанні ў нас робіцца на практычныя навыкі, асваенне маніпуляцый і працэдур. Заняткі праходзяць на базе ўстаноў аховы здароўя і вытворчай аптэкі №49 Віцебскага РУП «Фармацыя», дзе функцыянуюць 33 навучальныя лабараторыі. Практыка ў медустановах – выдатная магчымасць для навучэнцаў зарэкамендаваць сябе, і, магчыма, забяспечыць сябе першым працоўным месцам.

Медсястра будучыні

Па ўзроўні падрыхтоўкі медкаледж па праву з'яўляецца адным з наймацнейшых сярэдніх медыцынскіх устаноў рэспублікі. З 49 выкладчыкаў больш за 80% – з вышэйшай і першай кваліфікацыйнымі катэгорыямі, 15– выдатнікі аховы здароўя Беларусі, ёсць тры кандыдаты навук.

Сёлета дзяржаўная акрэдытацыя (праходзіць раз на пяць гадоў) пацвердзіла статус каледжа і чатырох спецыяльнасцей, а таксама было атрымана права працаваць па новай спецыяльнасці – «Фармацыя» і па двух спецыяльнасцях перападрыхтоўкі ў галінах хірургіі і анестэзіялогіі.

У медкаледжы традыцыйна высокі конкурс пры паступленні – у сярэднім 2-3 чалавекі на месца ў залежнасці ад спецыяльнасці. У медкаледжа заключаны дагавор аб супрацоўніцтве з віцебскім медуніверсітэтам. У планах – уніфікацыя навучальных праграм па спецыяльнасці «Фармацыя», што дазволіць выпускнікам каледжа навучацца ў ВНУ па скарочанай праграме.

– Галоўная сусветная тэндэнцыя – пашырэнне кампетэнцый сярэдняга медыцынскага персаналу, – адзначае Валянціна Заяц. – Падрыхтоўка ўрачоў занадта дарагая, і таму ў большасці заходніх устаноў медсёстры вядуць другасны прыём хворых, робяць невялікія аперацыі і так далей. У нас з гэтым пакуль складаней, бо за два гады цяжка навучыць спецыяліста думаць клінічна. Пасля многія праходзяць перападрыхтоўку. Больш магчымасцей у фельчараў-акушэраў, памочнікаў урачоў і фармацэўтаў, якія навучаюцца тры гады. Але ў любым выпадку будучыня за пісьменнымі, універсальнымі спецыялістамі, якія прыходзяць у прафесію па веленні сэрца і з жаданнем дапамагаць.

Аляксандр КУЦЫНКА, фота Антона Сцепанішчава. «Віцебскія весці».