Віцебскі медуніверсітэт адкрывае фізкультурна-аздараўленчы цэнтр

Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт рыхтуецца маштабна адзначыць свой дзень нараджэння 1 лістапада і напярэдадні адкрывае на тэрыторыі аднаго з інтэрнатаў цэнтр для спартыўна-аздараўленчай работы са студэнтамі і супрацоўнікамі, паведамілі ў ВНУ.
  

Урачыстае адкрыццё фітнес-клуба "Fortius" у студэнцкім інтэрнаце №5 адбудзецца 31 кастрычніка. Аб'ект пабудаваны і абсталяваны за ўласныя сродкі ВНУ. Уключае ў сябе трэнажорную залу і залу для заняткаў фітнесам, якія аснашчаны сучасным абсталяваннем і сістэмай кандыцыянавання паветра. Заняткі ў клубе будуць арганізаваны для студэнтаў і супрацоўнікаў універсітэта на бясплатнай аснове. "Гэтаму задуме больш за дзесяць гадоў, - адзначыла прарэктар ВДМУ па выхаваўчай і ідэалагічнай рабоце Вольга Сырадоева. - У пачатку 2000-х кіраўніцтва ВНУ вырашыла закрыць студэнцкую сталовую на цокальным паверсе інтэрната №5, у ёй проста не было неабходнасці. І з'явілася ідэя вызваленыя плошчы выкарыстоўваць пад фізкультурна-аздараўленчы цэнтр. Быў нават сфарміраваны студэнцкі будатрад, які займаўся перапланіроўкай прасторы: разбіраў перагародкі, выносіў будаўнічае смецце, рыхтаваў памяшканне да рамонту. Потым работы прыпыніліся. Але пры новым рэктары Анатолю Шчасным пачатае было даведзена да канца. Прычым па самых высокіх стандартах".

Дзве сучасныя спартыўныя залы будуць задзейнічаны і ў навучальным працэсе - для старэйшакурснікаў, якія выбіраюць па жаданні аздараўленчую або стэп-аэробiку, тай-бо, стрэтчынг, пілатэс, джамп-фіт і іншыя віды фітнесу. Акрамя таго, выкладчыкамі кафедры медыцынскай рэабілітацыі тут будуць праводзіцца заняткі ў групах здароўя "Грацыя" і "Жаночая самаабарона".

На базе новай трэнажорнай залы 1 лістапада пройдуць спаборніцтвы па паўэрліфтынгу, якія стануць часткай праграмы святкаванняў дня нараджэння ВНУ. Сярод іншых відовішчных мерапрыемстваў запланаваны ўрачысты сход і святочны канцэрт, флэшмоб "Заспяваем гімн універсітэта разам" і квест-гульня "Гісторыя ВДМУ".

БЕЛТА.