Віцебскі медуніверсітэт стварыў філіял у Шры-Ланцы
23 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт (ВДМУ) завяршыў працу па стварэнні філіяла ўстановы адукацыі ў Шры-Ланцы і плануе да канца года пачаць навучальны працэс, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прарэктар універсітэта па вучэбнай рабоце і міжнародных сувязях Наталля Коневалава.
Праект рэалізаваны ў цесным супрацоўніцтве са шры-ланкійскай PATHE Акадэміяй, на базе якой і будзе працаваць філіял беларускай установы адукацыі. Віцебскія спецыялісты цалкам падрыхтавалі матэрыяльную базу для навучання, склалі праграмы на англійскай мове і адаптавалі іх да ўмоў выкладання ў гэтай краіне. Акрамя таго, пры непасрэдным удзеле ВДМУ праведзена падрыхтоўка і сфарміраваны выкладчыцкі калектыў філіяла, навучальны працэс будзе праходзіць пад куратарствам прафесарска-выкладчыцкага складу медуніверсітэта. Філіял цалкам гатовы да прыёму абітурыентаў, а ў бліжэйшы час плануецца завяршыць юрыдычнае афармленне праекта, дадала Наталля Коневалава.
ВДМУ вядзе навучанне студэнтаў са Шры-Ланкі з 1982 года. Сёння ва ўніверсітэце асвойваюць навукі больш за 160 юнакоў і дзяўчат гэтай краіны. Стварэнне філіяла ў Шры-Ланцы дазволіць не толькі пашырыць кантынгент будучых студэнтаў, але і павысіць якасць падрыхтоўкі абітурыентаў. Пасля завяршэння вучобы непасрэдна ў сваёй краіне па праграме ВДМУ маладыя людзі прыедуць у Віцебск больш падрыхтаванымі і адаптаванымі да навучання ва ўмовах віцебскай установы адукацыі. Падрыхтоўка ў шры-ланкійскім філіяле ВДМУ будзе весціся па прадметах медыка-біялагічнага профілю - біялогіі, хіміі, фізіцы, у праграму ўключаны таксама матэматыка і руская мова як замежная.
Валоданне рускай мовай з'яўляецца неабходнай, але не абавязковай умовай навучання ў Віцебскім медуніверсітэце. Установа адукацыі з 2002 года вядзе падрыхтоўку замежных студэнтаў па форме English medium з выкарыстаннем англійскай у якасці мовы-пасрэдніка. У 2008 годзе адбыўся першы выпуск замежных спецыялістаў, якія цалкам прайшлі навучанне па гэтай форме. Для замежных студэнтаў 1 і 2 курсаў выкладанне вядзецца на англійскай мове, ва ўніверсітэце створана для гэтага неабходнае вучэбна-метадычнае забеспячэнне, выкладчыкі свабодна валодаюць англійскай. Руская мова ўводзіцца, пачынаючы з трэцяга курса, паколькі студэнты прыступаюць да працы непасрэдна з пацыентамі ў лячэбных установах. Укараненне формы English medium дазволіла медуніверсітэту павысіць якасць адукацыйных паслуг для замежных грамадзян і, як следства, падняць аўтарытэт і канкурэнтаздольнасць універсітэта ў міжнародным адукацыйным асяроддзі.
Цяпер у ВДМУ праходзяць навучанне студэнты з 26 краін. Падрыхтоўку замежных грамадзян медуніверсітэт пачаў у 1982 годзе. За гэты час у Віцебску атрымалі веды і прафесійную падрыхтоўку прадстаўнікі больш як 60 краін, якія працуюць у 109 дзяржавах на ўсіх кантынентах.-0-