Віцебскі медуніверсітэт узначаліў новы рэктар – Анатоль Шчасны
16 сакавіка Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь разгледзеў шэраг кадравых пытанняў, у тым ліку даў згоду на прызначэнне на пасаду намесніка міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь старшыні Віцебскага Савета дэпутатаў Міхаіла Партновага. Акрамя таго, рэктарам Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта прызначаны доктар медыцынскіх навук, дацэнт кафедры хірургіі факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў ВДМУ, прафесар Анатоль Шчасны.
Анатоль Тадэушавіч нарадзіўся ў 1961 годзе ў Клецку Мінскай вобласці, у 1984-м скончыў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. Да прызначэння на пасаду рэктара з'яўляўся кіраўніком першага абласнога навукова-практычнага цэнтра «Хірургія захворванняў печані і падстраўнікавай залозы», які створаны з мэтай распрацоўкі эфектыўных метадаў прафілактыкі і лячэння гэтых захворванняў і навуковых даследаванняў па дадзенай праблеме. Некаторы час быў галоўным хірургам упраўлення аховы здароўя Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта. У 2014 годзе стаў лаўрэатам звання «Чалавек года Віцебшчыны».
Новага рэктара прафесарска-выкладчыцкаму саставу ВНУ прадставіў намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі, які абазначыў асноўныя напрамкі працы для Анатоля Шчаснага: працяг падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў для галіны, укараненне новых спосабаў і метадаў практыкаарыентаванага навучання, стварэнне ўмоў для абароны дысертацый, эфектыўнай навукова-даследчай працы, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы. Таксама ён адзначыў, што ў Анатоля Тадэушавіча як кіраўніка аднаго з вядучых медасярэдніх ВНУ краіны ёсць асаблівая перавага: паколькі ён сам тут працаваў, то выдатна ведае ўніверсітэт, вектары яго дзейнасці, кадравы склад і магчымасці. Акрамя таго, Валерый Дзякало, які на працягу дзесяці гадоў узначальваў ВДМУ, застаецца тут працаваць і будзе аказваць падтрымку новаму рэктару.
Анатоль Шчасны выказаў падзяку за высокую ацэнку яго дзейнасці і аказаны давер пры прызначэнні на пасаду.
Намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Церанцьеў ад імя выканаўчай улады падзякаваў Валерыя Дзякалу за плённую працу, Анатолю Шчаснаму пажадаў не толькі падтрымліваць зададзены ўзровень, але і ўдасканальваць, развіваць універсітэт:
"Новых вышынь з новым рэктарам!".Наталля Камлёва, "Віцебскія весці"