Віцебскі медуніверсітэт адновіць падрыхтоўку стаматолагаў з ліку беларускіх студэнтаў

Витебский медуниверситет возобновит подготовку стоматологов из числа белорусских студентов

Сёлета ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце плануюць аднавіць прыём на стаматалагічны факультэт грамадзян Беларусі. Ужо два гады юнакі і дзяўчаты, якія марылі стаць стаматолагамі, маглі паступаць толькі ў Мінскі медыцынскі ўніверсітэт альбо ў замежныя ВНУ, а ў ВДМУ па дадзенай спецыяльнасці набіраліся толькі групы замежнікаў на камерцыйнай аснове.

Пры гэтым у Віцебску функцыянуе выдатная база для практычнай падрыхтоўкі стаматолагаў. Гэта спецыялізаваная паліклініка, якая размяшчаецца побач з адміністрацыйным будынкам ВНУ. Загадчык кафедры тэрапеўтычнай стаматалогіі Юрый Чарняўскі распавёў, што штодня ў дзве змены тут пад кіраўніцтвам дзевяці доследных выкладчыкаў з пацыентамі працуюць 50-60 студэнтаў трэцяга-пятага курсаў. Шасці тысячам студэнтаў ВДМУ ёсць магчымасць не толькі бясплатна лячыць зубы з выкарыстаннем найноўшых матэрыялаў, але і праходзіць прафілактычныя агляды. У маладых спецыялістах зацікаўлена і кіраўніцтва абласной стаматалагічнай паліклінікі, з якой у ВДМУ наладжаны цесныя кантакты. Дыпламаваныя ўрачы ўстановы працуюць плячом да пляча з будучымі калегамі, прымаючы ў некалькіх кабінетах стаматалагічнай клінікі ВДМУ пацыентаў найбліжэйшых мікрараёнаў. ВНУ і паліклініка сумесна закупляюць сучасныя матэрыялы і абсталяванне, у распараджэнні студэнтаў добра аснашчаныя рэнтгеналагічны і хірургічны кабінеты.

Наогул у навучанні будучых стаматолагаў шмат часу займае менавіта практыка. Да трэцяга курса яны даводзяць прафесійныя навыкі да аўтаматызму, трэніруючыся на сімулятарах, якія анатамічна вельмі падобныя на чалавека. На трэцім курсе працуюць з рэальнымі пацыентамі, наведваючы паліклініку раз на тыдзень, а на чацвёртым-пятым вядуць прыём на працягу трох тыдняў два разы на год. Дарэчы, з улікам цяперашніх коштаў у платных стаматалагічных кабінетах, звяртаюцца ў клініку ВДМУ не толькі студэнты ВНУ.

— Больш за 90% цяперашніх урачоў стаматалагічных паліклінік вобласці — нашы выпускнікі, — падкрэслівае Юрый Чарняўскі. — Пры гэтым попыт у на кадры гэтага профілю па-ранейшаму вялікі. Яны вельмі запатрабаваныя не толькі ў Беларусі, але і за мяжой, а значыць, гэтыя спецыялісты без працы не застануцца.

Сёлета пяты курс стаматалагічнага факультэта завяршаюць 76 студэнтаў, 17 з іх прыехалі з Туркменістана, Латвіі, Сірыі, Палесціны. Маладыя людзі, з якімі ўдалося пагутарыць, задаволеныя прафесіяй, якую атрымліваюць, і ў будучыню глядзяць з аптымізмам.

Аляксандр Кутынко, "Віцебскія весці"