Віцебскі футравы камбінат будзе выходзіць з працэдуры санацыі
5 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Гаспадарчы суд Віцебскай вобласці прыняў рашэнне не працягваць тэрмін санацыі РУП "Віцебскі футравы камбінат" і зацвердзіў справаздачу кіраўніка ў справе аб банкруцтве прадпрыемства па выніках санацыі. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў намеснік старшыні гаспадарчага суда Алег Кіенка.
Камбінат прызнаны эканамічна неплацежаздольным у маі 2007 года, у дачыненні да яго адкрыта працэдура санацыі. Прадугледжаны заканадаўствам максімальны тэрмін санацыі прадпрыемства-банкрута (30 месяцаў) скончыўся ў снежні 2009 года. Напярэдадні сход крэдытораў выступіў з хадайніцтвам аб працягненні тэрміну санацыі. "Вызначэннем суда ў задавальненні хадайніцтва крэдытораў адмоўлена, а зацвярджэнне судом справаздачы кіраўніка па выніках санацыі з'яўляецца падставай для спынення вытворчасці па справе аб банкруцтве", - сказаў Алег Кіенка. Пасля ўступлення вызначэння суда ў законную сілу будзе прызначана яшчэ адно судовае пасяджэнне па пытанні аб спыненні вытворчасці па справе аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве) Віцебскага футравага камбіната, дадаў ён.
Згодна са справаздачай кіраўніка, за час санацыі прадпрыемству ўдалося стабілізаваць паказчыкі плацежаздольнасці і каэфіцыент забяспечанасці фінансавых абавязацельстваў уласнымі актывамі. Акрамя таго, камбінат у асноўным забяспечвае разлікі па бягучых плацяжах. Разам з тым антыкрызіснай камандзе не ўдалося выканаць план санацыі ў поўным аб'ёме. Так, крэдыторская запазычанасць не пагашана ў тэрміны і аб'ёмах (больш за Br3 млрд.), прадугледжаных планам санацыі. Усяго ў рэестры патрабаванняў крэдытораў значыцца запазычанасць на суму звыш Br12,8 млрд. Камбінат у 2009 годзе не змог рэалізаваць ніводнага невыкарыстоўванага аб'екта нерухомасці вытворчага прызначэння, каб актывізаваць разлікі з крэдыторамі і частку сродкаў накіраваць на развіццё вытворчасці.
РУП "Віцебскі футравы камбінат" уваходзіць у склад канцэрна "Беллегпрам" і з'яўляецца адзіным прадпрыемствам у краіне, якое выпускае вырабы з меха. -0-