Віцебская футравая фабрыка выйшла з працэдуры санацыі
5 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Гаспадарчы суд Віцебскай вобласці вынес вызначэнне аб спыненні вытворчасці па справе аб эканамічнай неплацеспраможнасці (банкруцтве) РВУ "Віцебскі футравы камбінат". Такое рашэнне фармальна завяршае працэдуру санацыі прадпрыемства, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні гаспадарчага суда Алег Кіенка.
Пасля ўступлення ў сілу вызначэння суда здымаюцца ўсе абмежаванні, устаноўленыя ў сувязі з санацыяй прадпрыемства і накіраваныя на абарону даўжніка. Канцэрну "Беллегпрам" трэба да 1 мая прызначыць кіраўніка камбіната, пасля чаго будуць спынены паўнамоцтвы кіраўніка ў вытворчасці па справе аб банкруцтве. Акрамя таго, гаспадарчы суд адхіліў хадайніцтва сходу крэдытораў прадпрыемства аб устанаўленні тэрмінаў канчатковых разлікаў з крэдыторамі. Усяго па завяршэнні санацыі ў рэестры патрабаванняў крэдытораў значыцца запазычанасць Віцебскага футравага камбіната на суму звыш Br12,8 млрд.
Раней гаспадарчы суд зацвердзіў справаздачу кіраўніка па выніках санацыі. За час правядзення працэдуры санацыі прадпрыемству ўдалося стабілізаваць паказчыкі плацежаздольнасці і каэфіцыент забяспечанасці фінансавых абавязацельстваў уласнымі актывамі. Акрамя таго, камбінат у асноўным забяспечвае разлікі па бягучых плацяжах. Разам з тым антыкрызіснай камандзе не ўдалося выканаць план санацыі ў поўным аб'ёме. Так, крэдыторская запазычанасць не пагашана ў тэрміны і аб'ёмах (больш Br3 млрд.), прадугледжаных планам санацыі.
Камбінат прызнаны эканамічна неплацежаздольным у маі 2007 года, у дачыненні да яго адкрыта працэдура санацыі. Прадугледжаны заканадаўствам максімальны тэрмін санацыі прадпрыемства-банкрута (30 месяцаў) скончыўся ў снежні 2009 года. РВУ "Віцебскі футравы камбінат" уваходзіць у склад канцэрна "Беллегпрам" і з'яўляецца адзіным прадпрыемствам у краіне, якое выпускае вырабы з меха. -0-