Віцебскі мясакамбінат у студзені-красавіку абнавіў асартымент амаль напалову

15 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ААТ "Віцебскі мясакамбінат" у студзені-красавіку бягучага года абнавіла асартымент сваёй прадукцыі амаль напалову, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве. У прыватнасці, напярэдадні летняга сезона на прадпрыемстве сталі выпускаць больш відаў шашлыкоў у разнастайных марынадах, а таксама пачалі вырабляць шашлыкі з ялавічыны. Значна пашырылася група вырабаў прафілактычнага прызначэння, прызначаных для харчавання дыябетыкаў, дзяцей школьнага і дашкольнага ўзросту. Ім Віцебскі мясакамбінат прапануе паўфабрыкаты, у склад якіх уваходзяць інулін, марская капуста, лактулоза, а таксама каўбасу і сасіскі "Дзіцячыя з малаком" і іншыя віды прадукцыі гэтай групы. Здымаючы з вытворчасці незапатрабаваную прадукцыю і прапаноўваючы нешта новае, павялічваючы выпуск вырабаў, якія спадабаліся спажыўцам, прадпрыемства аператыўна рэагуе на змены попыту. Для гэтага штотыдзень на базе фірменнай гандлёвай сеткі работнікі мясакамбіната праводзяць анкетаванне сярод пакупнікоў. На падставе атрыманых даных вывучаюцца іх патрабаванні і меркаванні. Пастаянна ўдасканальвацца прымушае і канкурэнцыя з іншымі вытворцамі. З гэтай мэтай на мадэрнізацыю і тэхнічнае пераўзбраенне прадпрыемства штогод накіроўвае значныя інвестыцыі, павышае санітарны ўзровень вытворчасці, укараняе новыя тэхналагічныя працэсы. У студзені-красавіку мясакамбінат вырабіў прадукцыі на Br73,3 млрд., што на 16,2% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Экспарт вырас на 37,9% да $7,7 млн. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі за тры месяцы склала 1,7%. Прадпрыемства заснавана ў 1973 годзе, акцыянавана ў 1998-м. Спецыялізуецца на вытворчасці мяса, каўбасных, сыравэнджаных вырабаў і паўфабрыкатаў. Асартымент налічвае звыш 250 найменняў. Сярэднеспісачная колькасць працаўнікоў - больш за 1,4 тыс. чалавек. -0-