«Віцебскі Монмартр» на «Славянскім базары» збярэ мастакоў з Беларусі, Расіі і Германіі
Традыцыйная выстаўка-кірмаш "Віцебскі вернісаж" на "Славянскім базары" збярэ мастакоў і дызайнераў з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Расіі і Германіі. Вулічны вернісаж адкрыецца 9 ліпеня а 10.00. А размесціцца ён, як звычайна, на вуліцах Крылова і Суворава.
Як паведамляе сайт фестывалю "Славянскі базар", ужо прынята 130 заявак на ўдзел у вернісажы. Але, як паказвае досвед мінулых гадоў, на "віцебскі Манмартр" звычайна выходзіць да 200 мастакоў. Магчыма, не стане выключэннем і цяперашні фестываль.
Творы жывапісу, графікі, дэкаратыўна-прыкладного мастацтва, аўтарскую сувенірную прадукцыю можна будзе набыць у экспазіцыі пад адкрытым небам да 17 ліпеня. Як звычайна, усе ахвотныя змогуць замовіць у майстроў свой маментальны партрэт ці шарж.
Правядзенне фестывальнага вулічнага вернісажу курыруе музей "Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва". Адміністрацыя вернісажу ў дні яго правядзення будзе знаходзіцца каля будынка дзіцячай мастацкай школы №1 па вуліцы Суворава, 3.
Працы мастака Анатоля Пуглачэнкі з Мінска на "Віцебскім вернісажы" у 2012 годзе. Фота: Таццяна Мацвеева