Віцебскі мотарамонтны завод выпусціў першы доследны ўзор самаходнага апырсквальніка
14 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ААТ "Віцебскі мотарамонтны завод" сумесна з італьянскай фірмай Mazzotti асвойвае вытворчасць самаходных апырсквальнікаў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Віктар Масалаў.
Агрэгат прызначаны для правядзення падкормкі і абароны раслін на розных стадыях росту. Пры гэтым тэхнічныя характарыстыкі машыны дазваляюць ажыццяўляць такія аперацыі нават на палях з высокасцебельнымі культурамі.
Першы доследны ўзор беларуска-італьянскай вытворчасці ўжо прайшоў кваліфікацыйныя выпрабаванні. У бліжэйшы час у ходзе палявых работ яго магчымасці выпрабуюць непасрэдна ў рабоце. Усяго ў гэтым годзе прадпрыемства плануе выпусціць некалькі адзінак новых агрэгатаў. "З мэтай змяншэння кошту гэтай тэхнікі мы спрабуем вырабіць большую частку камплектуючых для яе вытворчасці самі", - растлумачыў дырэктар.
Віктар Масалаў адзначыў, што работа па асваенні новых відаў прадукцыі вядзецца пастаянна. У цяперашні час іх удзельная вага ў агульным аб'ёме вытворчасці займае звыш 40%, астатняе прыпадае на рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі. Так, сумесна з фінскай фірмай завод ужо асвоіў вытворчасць падборшчыкаў камянёў, з нямецкай кампаніяй займаецца вытворчасцю глебаапрацоўчых агрэгатаў. Пакуль доля вырабаў, выкананых віцебскім прадпрыемствам для камплектацыі гэтых машын, складае 20%-30%, аднак ужо да канца года яе плануецца давесці да 40%. Акрамя таго, цяпер на заводзе прапрацоўваецца пытанне аб сумесным асваенні бульбаўборачнай тэхнікі.
Прадпрыемства за студзень-сакавік выпусціла прадукцыі на Br4,4 млрд., што на 27,1% больш за ўзровень мінулага года. Паказчык па энергазберажэнні за гэты перыяд пры заданні мінус 13,5% склаў мінус 27,1%. Рэнтабельнасць рэалізацыі за два месяцы гэтага года склала 16,1%.
Віцебскі мотарамонтны завод заснаваны ў 1968 годзе. Рэфармаваны ў 2000-м. Спецыялізуецца на рамонце рухавікоў, каробак перадач сельскагаспадарчай тэхнікі. У якасці альтэрнатыўнага напрамку развівае вытворчасць машынабудаўнічай прадукцыі.-0-