Віцебскі Музей Марка Шагала адзначае 30-годдзе.

Увосень 1991 года было прынята рашэнне аб увекавечанні імя мастака, які заўсёды прызнаваўся ў любові да роднага горада і праслаўляў яго на сваіх палотнах.


«Я не жыў з табой, але не было маёй карціны, якая не дыхала б тваім духам і адлюстраваннем, – пісаў Марк Шагал свайму Віцебску. – Я цябе цалаваў усімі фарбамі і штрыхамі…»

 
Ён пакінуў родны горад у 1920 годзе, але застаўся ў ім назаўжды. І стагоддзе праз з розных куткоў свету едуць у Віцебск на спатканне з мастаком яго прыхільнікі. Штогод музей наведвае больш за 30 тыс. айчынных і замежных турыстаў. Установа культуры вядзе вялікую навуковую, выдавецкую і асветніцкую працу. Музей заваяваў прызнанне сярод даследчыкаў творчасці мастака і аматараў мастацтва, атрымаў за сваю дзейнасць прэстыжныя ўзнагароды. Пра тое, які шлях прайшоў Музей Марка Шагала ў Віцебску за тры дзесяцігоддзі, распавядае яго дырэктар Ірына Варонава. Шлях да стварэння Музея Марка Шагала быў нялёгкім. За вяртанне імя мастака ў яго родны Віцебск змагаліся вядомыя людзі: акадэмік Дзмітрый Ліхачоў, паэты Андрэй Вазнясенскі, Роберт Раждзественскі, Бела Ахмадуліна і іншыя.

– Пытанне аб стварэнні музея ўздымалася віцебскай інтэлігенцыяй яшчэ ў 1970-х гадах, – кажа Ірына Варонава. – Але гучна яно прагучала, калі выдатныя дзеячы культуры напісалі ліст у ЦК Кампартыі Беларусі. Было і іншае меркаванне, што гэта не наш мастак і творчасць яго чужая савецкаму чалавеку. Такое процістаянне працягвалася з 1987 па 1991 гады. Першая дата – стагоддзе з дня нараджэння мастака. ЮНЕСКА абвясціла Год Марка Шагала, многія краіны адзначалі гэту падзею. У Маскве ў Пушкінскім музеі адкрылася вялікая выстава
мастака, а ў Віцебску па-ранейшаму не прызнавалі свайго земляка, спасылаючыся на Вялікую савецкую энцыклапедыю, дзе было напісана, што Марк Шагал – французскі мастак. Спатрэбілася чатыры гады пасля маскоўскай выставы да прыняцця віцебскімі ўладамі рашэння аб адкрыцці музея. Падабаецца камусьці мастак ці не падабаецца, Віцебск назаўжды звязаны з яго імем, з гэтым трэба лічыцца і выкарыстоўваць для іміджу горада.

– Спрэчкі ішлі і пра тое, дзе нарадзіўся Марк Шагал, у Ліёзне ці ў Віцебску, у якім доме жылі бацькі мастака. Калі былі пастаўлены кропкі над i?

– Калі былі праведзены архіўныя даследаванні, супастаўленне старых карт з сучаснай тапаграфіяй вуліц. Гэтым займалася былы дырэктар Музея Марка Шагала Людміла Хмяльніцкая. На той час яна працавала ў «Віцебскпраектрэстаўрацыі» і вяла архіўна-гістарычнае даследаванне, стварала навуковую базу для будучага музея. Дзякуючы яе вышуканням удалося даказаць, што дом №29 на вуліцы Дзяржынскага – той самы, які пабудаваў бацька Марка Шагала ў 1900 годзе на тагачаснай Пакроўскай, і тут нарадзіўся і правёў дзіцячыя гады будучы мастак.


– Але і без доказаў аматараў творчасці Шагала прыходзілі да гэтага дома, а яго гаспадары былі першымі экскурсаводамі і нават завялі кнігу водгукаў.


– Завялі кнігу і ў акенцы выстаўлялі партрэт Марка Шагала. Іх дом быў адкрыты для людзей, якія яшчэ да стварэння музея прыязджалі ў Віцебск, каб убачыць родныя мясціны мастака.

– У свеце існуе толькі два музеі Марка Шагала – у Віцебску і французскай Ніцы. У чым унікальнасць кожнага?


– Музей у Ніцы адкрыўся ў 1973 годзе, пры жыцці мастака. Ён першапачаткова называўся «Біблейскае пасланне Марка Шагала». Для музея мастак стварыў жывапісны біблейскі цыкл. Марк Шагал прымаў актыўны ўдзел у стварэнні і жыцці музея, распісаў клавесін, зрабіў эскізы вітражоў. Пасля фонды былі папоўнены і іншымі працамі. Музей у Ніцы знаёміць з творчасцю мастака, а наш – распавядае пра вытокі натхнення, бацькоўскі дом. Віцебск заўсёды прысутнічаў у жыцці Марка Шагала, ён увесь час пра гэта казаў. Акцэнт у першую чаргу быў зроблены на мемарыялізацыі месца. Гэта і прыцягвае сюды турыстаў. Не раз наведвалі наш музей унучкі мастака Бэла і Мэрэт Мейер, якія прыязджалі ў Віцебск на дзень нараджэння свайго знакамітага дзеда. Спадкаемцы дазволілі віцебскаму музею выкарыстоўваць імя Марка Шагала. Гэта афіцыйны факт прызнання. Нам складана цягацца з калекцыяй Ніцы. Але ў Віцебску таксама ёсць нямала арыгінальных прац мастака, якія знаходзяцца не ў доме-музеі, а ў Арт-цэнтры на вуліцы Путна.

– Тут жа адбылася першая выстава карцін Марка Шагала?


– Так, але тады гэта быў выставачны зал віцебскага гарадскога цэнтра культуры і заставаўся такім да 1992 года, калі атрымаў статус Арт-цэнтра Марка Шагала. Тады на радзіме мастака ўпершыню былі прадстаўлены яго працы з Пушкінскага музея ў Маскве, Пскова, прыватных калекцый. Цяпер трэба заплаціць казачную страхоўку, каб прывезці карціны такога майстра, а ў тыя гады і размовы пра гэта не было. Усе ішлі насустрач
Віцебску. Да адкрыцця дома-музея ў 1997 годзе Арт-цэнтр быў галоўным месцам прыцягнення, але потым большую цікавасць турыстаў стаў выклікаць менавіта дом на Пакроўскай. Нельга не ўзгадаць дапамогу, якую аказаў пры рэстаўрацыі круг сяброў дома Марка Шагала з нямецкага горада-пабраціма Нінбурга. Дарэчы, фарба, якой пафарбавана дах, і водаадводы прывезены з Германіі. А мэр Нінбурга падарыў апошнюю працу Марка Шагала «Да іншага свету», якая стала першай у нашай калекцыі.


– Экспанаты таксама збіралі з усяго свету?


– Некаторыя прадметы прыносілі жыхары Віцебска, некаторыя набывалі ў антыкварных крамах Санкт-Пецярбурга і Масквы. Нешта прывозілі з Галандыі, Германіі. Адданы сябар музея доктар Генрых Мандэль, які падарыў Віцебску ўсю сваю калекцыю работ Марка Шагала і найкаштоўнейшых кніг, прывёз старадаўнюю лямпу. Падобную можна бачыць на карціне мастака. Пры рэстаўрацыйных працах былі знойдзены шкляныя бурбалкі, у якіх маці Марка Шагала захоўвала мікстуры. Пляменніца мастака перадала кухонны начынне. Некалькі гадоў таму нам прывезлі пасылку з Санкт-Пецярбурга ад невядомых людзей, патлумачылі: для Музея Марка Шагала. У скрынцы апынуўся абедзенны сэрвіз англійскай фірмы сярэдзіны XIX стагоддзя. Зразумела, што гэта не мемарыяльныя прадметы, але яны маглі быць у яўрэйскай сям'і з сярэднім узроўнем дастатку, якой была сям'я Шагала. Сэрвіз экспануецца ў доме-музеі. Але, на жаль, імя дарыльшчыка так і не ўдалося знайсці.


– Што сёння ўяўляе сабой калекцыя Музея Марка Шагала?


– У нашых фондах 8,5 тысячы адзінак захоўвання, якія падзелены на некалькі калекцый. Самая вялікая частка – друкаваныя выданні. У яе аснову лягла бібліятэка Генрыха Мандэля. Гэта ўнікальныя выданні, у прыватнасці, датаваныя пачаткам XX стагоддзя, – каталогі, кнігі, якія ўключаюць арыгінальныя графічныя лісты, усё, што звязана з Шагалам і мастацтвам мінулага стагоддзя. Другі па велічыні блок – паўтары тысячы твораў мастацтва. У тым ліку каля 300 арыгінальных графічных работ Марка Шагала. У асноўным гэта дары Генрыха Мандэля, дачкі мастака Іды, серыю афортаў да «Мёртвых душ» і іншыя работы прэзентавалі ўнучкі. Папоўнілі збор прыватныя калекцыянеры і арганізацыі, з якімі мы супрацоўнічаем. Акрамя таго, у фондах каля 200 работ мастакоў еўрапейскага авангарда, якія мы перыядычна
паказваем, але часцей вазім за мяжу. І творы сучасных аўтараў, удзельнікаў міжнародных Шагалаўскіх пленэраў і выстаў у Арт-цэнтры.


– На Шагалаўскія дні і навуковыя чытанні, якія шмат гадоў праводзіць музей, напэўна, прыязджалі ўсе вядомыя даследчыкі творчасці мастака?


– Кольца іх не такое вялікае, і ў нашых чытаннях удзельнічалі ўсе вядомыя даследчыкі творчасці Шагала і кола зносін мастака з розных краін свету, у прыватнасці, Расіі, ЗША, Францыі, Германіі, Вялікабрытаніі, Ізраіля. Яны не толькі дзяліліся сваімі даследаваннямі, але і працавалі ў нашай бібліятэцы, знаходзілі ў ёй рэдкія выданні, якія раней не маглі дастаць. 

– Наступны год – 135-годдзе з дня нараджэння Марка Шагала.


– Вельмі верым, што нам удасца правесці канферэнцыю. Вядзём перамовы з адным з самых буйных калекцыянераў графікі Марка Шагала аб выставе ў Віцебску. На 135-годдзе з дня нараджэння мастака рыхтуем шмат сюрпрызаў, спадзяюся, што ўсё задуманае адбудзецца.

"Віцебскія весці", фота "Віцьбічы"