Віцебскі музей Марка Шагала ўвайшоў у лік уладальнікаў галоўных узнагарод рэспубліканскага конкурсу прафмайстэрства

Конкурс праходзіў у рамках ІІІ Нацыянальнага форуму «Музеі Беларусі».

На суд міжнароднага журы, якое ўзначальвала генеральны дырэктар расійскай Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі Зельфіра Трагулова, было прадстаўлена больш за 100 праектаў. Пераможцы вызначаліся ў пяці намінацыях. Музей Марка Шагала атрымаў дыплом I ступені за лепшае выданне, а менавіта за каталог калекцыі «Марк Шагал. Эстампы: 1922 – 1985».

Па словах дырэктара музея Ірыны Варонавай, у каталог увайшлі ўсе 300 арыгінальных графічных работ, якія знаходзяцца ў віцебскай калекцыі.

– Такое выданне – вяршыня навуковай дзейнасці. Кожны музей імкнецца да таго, каб каталагізаваць свае зборы. Гэта вельмі карпатлівая праца, але яна падымае імідж установы культуры. Толькі асобныя музеі Беларусі маюць поўныя каталогі калекцый, – адзначае Ірына Варонава.

На працягу многіх гадоў навуковыя супрацоўнікі апісвалі усе графічныя лісты Марка Шагала, параўноўвалі іх з вядомымі каталогамі. Як тлумачыць Ірына Варонава, на шчасце, усе творы мастака былі пры яго жыцці сістэматызаваны, гэта значна палягчала ідэнтыфікацыю і вызначэнне сапраўднасці работ майстра, дазваляла высветліць, колькі было выдадзена экзэмпляраў, дзе яны захоўваюцца. Побач з кожнай рэпрадукцыяй у каталогу таксама пазначаны яе памеры, тэхніка. Усе анатацыі пададзены на рускай і англійскай мовах.

– Выданне мае 5 раздзелаў, асобна выдзелены работы, падораныя музею дачкой Марка Шагала Ідай, яны самыя дарагія ў нашай калекцыі. Затым ідуць ілюстрацыі да «Мёртвых душ», якія змешчаны з адпаведнымі тэкстамі з паэмы Гогаля. Наступныя раздзелы – ілюстрацыі да Бібліі, кніжная графіка розных гадоў. Каляровыя літаграфіі на біблейскія сюжэты дадзены з абаротамі, якія вельмі рэдка экспануюцца, а гэта каштоўныя аўтарскія накіды. Кожную частку каталога тлумачаць мастацтвазнаўчыя артыкулы, набліжаючы чытача да разумення работ і часу, у які яны ствараліся. Сярод аўтараў – вядомыя даследчыкі творчасці мастака Наталля Апчынская, Аляксандра Шатскіх, а таксама былы дырэктар музея Марка Шагала Людміла

Хмяльніцкая, яна ж галоўны складальнік каталога, і нашы старшы навуковы супрацоўнік Юлія Сцепанец, галоўны захавальнік фондаў Ірына Лагунова і іншыя, – распавядае Ірына Варонава.

Асабліва прыемна, што фатограф «Віцебскіх вестак» Антон Сцепанішчаў таксама мае дачыненне да дадзенага выдання. Ён адзняў для каталога ўсе працы Марка Шагала, і спецыялісты адзначылі вельмі дакладную перадачу ў рэпрадукцыях колеру арыгіналаў.

Выданне выпушчана пры фінансавай падтрымцы ТАА «Рубікон» з дазволу Шагалаўскага камітэта. Каталог друкаваўся ў адным з самых прэстыжных выдавецтваў «Віта-Нова» у Санкт-Пецярбургу і сам па сабе з'яўляецца творам мастацтва.

Экспертамі з розных краін адзначана яшчэ адно віцебскае выданне. За каталог «Ю. М. Пэн», у які ўвайшлі ўсе 223 працы майстра, што знаходзяцца ў Беларусі, дыплом II ступені атрымаў абласны краязнаўчы музей.

Таццяна Пастэрнак. Фота Антона СЦЕПАНІШЧАВА. «Віцебскія весткі».