Віцебскі музей Міная Шмырэва і дзяржмузей Татарстана будуць разам аднаўляць невядомыя старонкі вайны

10 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж музеем імя Героя Савецкага Саюза Міная Шмырэва і Дзяржаўным музеем Рэспублікі Татарстан падпісана сёння ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Гэта пагадненне будзе спрыяць больш цеснай працы дзвюх устаноў культуры па аднаўленні невядомых старонак Вялікай Айчыннай вайны, выказала ўпэўненасць у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА дырэктар музея Міная Шмырэва Ірына Шышкова. У прыватнасці, віцебскія музейшчыкі атрымаюць доступ да архіўных матэрыялаў, што дазволіць больш поўна ўзнавіць гісторыю ўдзелу татарстанскіх вайскоўцаў у складзе беларускіх партызанскіх атрадаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. На тэрыторыі Віцебскай вобласці ў 1943 годзе адбылася падзея, якая мае асаблівае значэнне для татарскага народа і народаў Поволжа. У ноч з 22 на 23 лютага 1943 года салдаты 825-га батальёна легіёна "Ідэль-Урал", створанага фашыстамі з ваеннапалонных, перайшлі на бок беларускіх партызан, нагадала Ірына Шышкова. Яшчэ пяць гадоў таму былі вядомы імёны ўсяго пяці партызан-татарстанцаў, сёння гэты спіс налічвае амаль 170 імёнаў. Аднак на бок партызан тады перайшлі каля 800 легіянераў. У музеі сёння пачала працу выстава, прысвечаная гэтай пакуль яшчэ мала вывучанай тэме. На адкрыцці прысутнічала дэлегацыя Татарстана, у склад якой увайшлі ветэраны вайны, якія прымалі ўдзел у вызваленні Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў.-0-