Віцебскі музей Міная Шмырэва адкрыецца пасля першага этапу рэканструкцыі абноўленай экспазіцыяй
29 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскі абласны музей Героя Савецкага Саюза М.Ф.Шмырава адкрыецца пасля першага этапу рэканструкцыі 1 кастрычніка абноўленай экспазіцыяй з унікальнымі дакументамі аб пасляваеннай дзейнасці Міная Шмырава. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла дырэктар музея Ірына Шышкова.
На правядзенне работ па рамонце фасада будынка было накіравана з абласнога бюджэту каля Br300 млн. Акрамя таго, пачалося добраўпарадкаванне паркавай тэрыторыі музейнага комплексу. За час рамонтных работ, якія доўжыліся амаль 3 месяцы, супрацоўнікі музея цалкам абнавілі экспазіцыю ў двух залах, прысвечаных пасляваеннай дзейнасці знакамітага партызанскага камбрыга. У прыватнасці, упершыню будзе прадстаўлены рукапіс успамінаў Міная Шмырава "На прыёме ў таварыша Сталіна", шэраг іншых дакументаў з фонду музея. Таксама створаны новы экспазіцыйны блок, складзены з падарункаў музею ганаровых гасцей і афіцыйных дэлегацый. За 40-гадовую гісторыю віцебскі музей наведалі прадстаўнікі больш чым 10 краін свету, таму музейшчыкі вырашылі прадставіць наведвальнікам гэты аспект асветніцкай дзейнасці ўстановы.
На другім этапе рэканструкцыі, які плануецца завяршыць да 9 мая 2010 года, асноўныя работы будуць звязаны з пераўтварэннем паркавай зоны. У выніку экспазіцыя музея і парка павінны ўяўляць адзіны мемарыяльны комплекс, прысвечаны партызанскаму руху, падкрэсліла яна. У ходзе рэканструкцыі плануецца аднавіць экспазіцыйныя рэкрэацыі пад адкрытым небам "Партызанская зямлянка", "Чыгуначная вайна", а таксама стварыць новыя - "Абарончыя акопы", "Партызанскі аэрадром" з характэрнымі элементамі для перыяду Вялікай Айчыннай вайны, якія адлюстроўваюць гісторыю партызанскага руху. Завяршэнне работ дазволіць на больш высокім узроўні паказаць значнасць подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне на прыкладзе ўдзелу ў баявых дзеяннях ураджэнцаў Віцебска, падкрэсліла Ірына Шышкова.
Акрамя таго, праектам прадугледжваецца стварэнне зоны адпачынку з развітой сэрвіснай інфраструктурай, а таксама спартыўных пляцовак. Гэта дасць магчымасць правядзення грамадска-масавых мерапрыемстваў і перасоўных выстаў.
Мемарыяльны Музей партызанскага камандзіра брыгады Героя Савецкага Саюза Міная Філіпавіча Шмырава (партызанскі псеўданім Бацька Мінай) быў адкрыты 5 ліпеня 1969 года ў дні святкавання 25-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У яго склад уваходзіць 4 экспазіцыйныя залы, прысвечаныя розным этапам жыцця легендарнага партызанскага камбрыга, а таксама парк плошчай каля 0,5 га. На тэрыторыі паркавай зоны ўстаноўлены скульптурны бюст Міная Шмырава працы народнага мастака СССР Заіра Азгура, размясцілася дубовая алея, высаджаная былымі ўдзельнікамі партызанскага руху.-0-