Віцебскі музей Міная Шмырэва праводзіць "партызанскія вяселлі"
15 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскі абласны музей Героя Савецкага Саюза Міная Шмырэва рэалізуе новы праект "Партызанскае вяселле", асноўнымі дзеючымі асобамі якога з'яўляюцца рэальныя жаніх і нявеста. Пра асаблівасці гульнявога дзеяння з элементамі гістарычнай рэканструкцыі, ацаніць якое ўжо змаглі першыя маладыя ў мінулыя выхадныя, карэспандэнту БЕЛТА распавяла дырэктар музея Ірына Шышкова.
Праект прадугледжвае правядзенне вясельнай цырымоніі на тэрыторыі паркавай зоны музея з максімальна магчымым аднаўленнем антуражу і гістарычных рэалій часоў Вялікай Айчыннай вайны. У аснову сцэнарыя мерапрыемства пакладзены элементы беларускага этнаграфічнага вяселля пачатку XX стагоддзя і архіўныя матэрыялы правядзення вясельных цырымоній у ваенны час на акупаваных тэрыторыях. Да нараджэння ідэі правядзення такой рэканструкцыі музейшчыкі ў значнай ступені абавязаны самім патэнцыйным маладым, якія звярнуліся ва ўстанову культуры з просьбай аб магчымасці правесці частку вясельнай цырымоніі непасрэдна ў музеі. Паўнавартаснымі ўдзельнікамі праекта "Партызанскае вяселле" з'яўляюцца члены віцебскага аддзялення клуба ваенна-гістарычнай рэканструкцыі "Таварышы па зброі" і моладзевага грамадскага аб'яднання "Коннаспартыўны клуб "Каліпса".
Па сцэнарыі, будучы жаніх з'яўляецца партызанам-разведчыкам, а яго нявеста прымае актыўны ўдзел у дзейнасці адной з падпольных груп. Па ходзе дзеяння маладыя людзі праходзяць сімвалічныя выпрабаванні, выконваюць заданні, якія з'яўляюцца важнай эмацыйнай састаўляючай рэканструкцыі. Усё гэта суправаджаецца народнымі песнямі і прыпеўкамі. Апафеоз дзеяння - пасяджэнне штаба партызанскага атрада, калі і адбываецца сімвалічная рэгістрацыя шлюбу, а маладыя становяцца ўладальнікамі "святочнага загаду па партызанскай брыгадзе на былой вуліцы Ветрана ў Віцебску".
Праграма разлічана прыкладна на адну гадзіну і можа вар'іравацца ў залежнасці ад пажаданняў маладых.
Мемарыяльны музей партызанскага камандзіра брыгады Героя Савецкага Саюза Міная Піліпавіча Шмыраёва (партызанскі псеўданім Бацька Мінай) быў адкрыты 5 ліпеня 1969 года ў дні святкавання 25-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У яго склад уваходзяць 4 экспазіцыйныя залы, прысвечаныя розным этапам жыцця легендарнага партызанскага камбрыга, а таксама парк плошчай каля 0,5 га. На тэрыторыі паркавай зоны ўстаноўлены скульптурны бюст Міная Шмыраёва працы народнага мастака СССР Заіра Азгура, размясцілася дубовая алея, высаджаная былымі ўдзельнікамі партызанскага руху. У 2010 годзе тут створана алея партызанскай славы. У выніку экспазіцыя музея і парка ўяўляюць адзіны мемарыяльны комплекс, прысвечаны партызанскаму руху. У фондах музея захоўваецца каля 9 тыс. прадметаў. Будынак музея пабудаваны на мяжы XIX-XX стагоддзяў. -0-