Віцебскі музей Шмырэва ў "Ноч музеяў" разгорне інтэрактыўную экспазіцыю партызанскага побыту

14 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскі абласны музей Героя Савецкага Саюза Міная Шмырэва ўпершыню разгорне інтэрактыўную экспазіцыю "Партызанскі лагер" і запрасіць аматараў ваеннай гісторыі правесці разам з партызанамі ля вогнішча "Ноч музеяў" з 14 на 15 мая. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла дырэктар установы культуры Ірына Шышкова. Віцебскі мемарыяльны музей сёлета ўпершыню прыме ўдзел у міжнароднай музейнай акцыі. Асноўная ідэя падрыхтаванай праграмы - даць магчымасць наведвальнікам правесці частку сутак ва ўмовах ваеннага побыту, для чаго будзе разгорнута гістарычная рэканструкцыя "Партызанскі лагер". Аднаўляць партызанскі побыт і будні воінаў Чырвонай Арміі будуць члены віцебскага аддзялення клуба ваенна-гістарычнай рэканструкцыі "Таварышы па зброі" і студэнцкі клуб "Краязнаўца" Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П.Машэрава. Падзеі будуць разгортвацца ў паркавай зоне музея на алеі партызанскай славы, якая выканана ў выглядзе экспазіцыйнай рэкрэацыі пад адкрытым небам, што аднаўляе партызанскую стаянку часоў Вялікай Айчыннай вайны. У цэнтры алеі ўзведзены чатыры зямлянкі, кожная з якіх мае сваё функцыянальнае прызначэнне - штабная, зброевая, жылая і медыцынская. Пры афармленні збудаванняў выкарыстаны прадметы партызанскага побыту з фондаў установы. Зямлянкі спраектаваны па арыгінальных чарцяжах 1942-1943 гадоў з выдання таго часу "Спадарожнік партызана", якое захоўваецца ў музеі. Дапаўняюць экспазіцыю найбольш характэрныя элементы арганізацыі партызанскага лагера, у тым ліку шалаш, вогнішчы, воз як найбольш распаўсюджаны від транспарту для дастаўкі параненых да самалётаў для эвакуацыі на вялікую зямлю, а таксама акоп як адзін з відаў абарончых умацаванняў. Тут жа будзе разгорнута выстава аднаго дня "Ваеннае абмундзіраванне перыяду Другой сусветнай вайны" і экспазіцыя ўзораў узбраення з фондаў музея. Важнай эмацыянальнай састаўляючай рэканструкцыі стане выступленне духавога аркестра дзіцячай школы мастацтваў №2 Віцебска, а таксама дэманстрацыя дакументальнай хронікі таго перыяду. Усё гэта будзе праходзіць пад адкрытым небам, таму музейшчыкі пільна азнаёміліся з прагнозам метэаролагаў на маючую ноч і спадзяюцца на тое, што ён апраўдаецца. Мемарыяльны Музей партызанскага камандзіра брыгады Героя Савецкага Саюза Міная Філіпавіча Шмырэва (партызанскі псеўданім Бацька Мінай) быў адкрыты 5 ліпеня 1969 года ў дні святкавання 25-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У яго склад уваходзяць 4 экспазіцыйныя залы, прысвечаныя розным этапам жыцця легендарнага партызанскага камбрыга, а таксама парк плошчай каля 0,5 га. На тэрыторыі паркавай зоны ўстаноўлены скульптурны бюст Міная Шмырэва працы народнага мастака СССР Заіра Азгура, размясцілася дубовая алея, высаджаная былымі ўдзельнікамі партызанскага руху. У 2010 годзе тут створана алея партызанскай славы. У выніку экспазіцыя музея і парк уяўляюць адзіны мемарыяльны комплекс, прысвечаны партызанскаму руху. У фондах музея захоўваецца каля 9 тыс. прадметаў. Будынак музея пабудаваны на мяжы XIX-XX стагоддзяў. -0-