Віцебскі музей Шмырэва ўпершыню прадставіў выставу мадэляў ваеннай тэхнікі з прыватнай калекцыі
28 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Каля 30 мадэлей ваеннай тэхнікі склалі аснову экспазіцыі выстаўкі "Мадэлі ваеннай тэхнікі Вялікай Айчыннай вайны", якая адкрылася сёння ў Віцебскім абласным музеі Героя Савецкага Саюза Міная Шмырэва. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла дырэктар музея Ірына Шышкова.
Выставачны праект стаў вынікам супрацоўніцтва музейных работнікаў і віцебскага мадэліста Дзмітрыя Кірылава, які ветліва прадаставіў мадэлі са свайго збору. Пры фарміраванні экспазіцыі былі таксама выкарыстаны ваенна-тапаграфічныя карты 1941-1944 гадоў, выкананыя на падставе карт 1926-1936 гадоў. Выстаўка заклікана даць уяўленне аб тэхнічным узбраенні нямецкіх войскаў, а таксама прадставіць савецкую тэхніку Вялікай Перамогі.
Сярод экспанатаў вылучаецца мадэль легендарнага цяжкага танка КВ-2. Па словах Дзмітрыя Кірылава, прататыпам мадэлі з'яўляецца танк, падбіты пры абароне Віцебска. Яго фатаграфіі мадэліст знайшоў у архіўных фондах, па іх і збіралася мадэль.
Музей М.Шмырэва ўпершыню падрыхтаваў выставу сумесна з прыватным калекцыянерам, тым больш каштоўны набыты вопыт супрацоўніцтва, які можа спатрэбіцца ў будучыні, адзначыла Ірына Шышкова. Гэтая экспазіцыя адкрывае цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных 70-й гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны. На працягу года віцебскі музей плануе арганізаваць серыю выставак, навуковую канферэнцыю, а таксама правесці шэраг грамадска-культурных акцый, звязаных з трагічнай датай гісторыі.
Мемарыяльны музей партызанскага камандзіра брыгады Героя Савецкага Саюза Міная Філіпавіча Шмырэва (партызанскі псеўданім Бацька Мінай) быў адкрыты 5 ліпеня 1969 года ў дні святкавання 25-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У яго склад уваходзіць 4 экспазіцыйных залы, прысвечаных розным этапам жыцця легендарнага партызанскага камбрыга, а таксама парк плошчай каля 0,5 га.
На тэрыторыі паркавай зоны ўстаноўлены скульптурны бюст Міная Шмырэва працы народнага мастака СССР Заіра Азгура, размясцілася дубовая алея, высаджаная былымі ўдзельнікамі партызанскага руху. У 2010 годзе тут створана Алея партызанскай славы ў выглядзе экспазіцыйнай рэкрэацыі пад адкрытым небам, якая аднаўляе партызанскую стаянку часоў Вялікай Айчыннай вайны. У выніку экспазіцыя музея і парка ўяўляюць адзіны мемарыяльны комплекс, прысвечаны партызанскаму руху. У фондах музея захоўваецца каля 9 тыс. прадметаў. Будынак музея пабудаваны на мяжы XIX-XX стагоддзяў. -0-