Віцебскі абласны форум маладых работнікаў культуры аб'яднае больш за 200 чалавек

Больш за 200 чалавек возьмуць удзел у абласным форуме маладых работнікаў культуры, які пройдзе ў Віцебску і Полацку з 31 мая па 3 чэрвеня. Пра гэта паведамілі ва ўпраўленні культуры Віцебскага аблвыканкама.

Форум "Сучасная культура: новыя выклікі - новыя вяршыні" Віцебская вобласць правядзе ўпершыню. Удзельнікамі сустрэч і дыялогаў стануць маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў. Работнікі бібліятэчнай і музейнай сфер, клубнай справы і ўстаноў адукацыі ў галіне культуры прадставяць свае інфармацыйна-адукацыйныя праекты. Падчас адкрытага дыялогу "Новы погляд" з ідэямі моладзі азнаёмяцца і прадстаўнікі ўлады. Лепшыя прэзентацыі атрымаюць грашовыя прэміі ад галіновага прафсаюза. За другія і трэція месцы ў конкурсе прадугледжаны каштоўныя прызы ад упраўлення культуры.

"Усяго ў моладзевым форуме плануюць прыняць удзел больш за 200 чалавек. Спецыялісты абмяняюцца вопытам, атрымаюць магчымасць абнавіць веды і ўвасобіць у жыццё свае праекты. Такім чынам ствараюцца ўмовы для прафесійнага самавызначэння і развіцця маладых работнікаў. Мэта - раскрыць іх творчы і арганізатарскі патэнцыял, выявіць актуальныя праблемы ў сферы", - адзначылі ва ўпраўленні культуры Віцебскага аблвыканкама, дадаўшы, што самыя крэатыўныя ідэі будуць рэалізоўвацца на працягу года пры падтрымцы мясцовых органаў улады.

Пляцоўкай для правядзення першага этапу форуму 31 мая стане Віцебская абласная бібліятэка імя У.І.Леніна, дзе збяруцца каля 40 спецыялістаў бібліятэчнай сістэмы. Яны абмяркуюць пытанні патрыятычнага выхавання і захавання гістарычнай памяці ў краязнаўчых электронных рэсурсах, сумесную працу бібліятэк з клубамі па увекавечанні імёнаў салдат, загінулых у Вялікай Айчыннай вайне, дасугавыя і выдавецкія праекты, інавацыі.

Больш за 50 спецыялістаў у сферы клубнай справы возьмуць удзел у другім зональным этапе форуму, які 1 чэрвеня пройдзе на пляцоўках Полацка. Размова ў тым ліку пойдзе аб захаванні традыцыйнай культуры, развіцці дзіцячага фальклору. Майстар-класы правядуць танцавальныя і тэатральныя калектывы.

Два заключныя дні моладзевага форуму пройдуць у самым абласным цэнтры. Асноўнымі тэмамі сустрэчы работнікаў устаноў адукацыі ў сферы культуры стануць формы творчай самарэалізацыі для ўніверсальнага спецыяліста і метадычныя распрацоўкі. У музейнай справе галоўным пытаннем стануць адукацыйныя аспекты, а таксама формы і тэхналогіі работы з наведвальнікамі.

БЕЛТА.