Віцебскі абласны геранталагічны цэнтр плануецца стварыць на базе шпіталя "Юрцава"

6 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцебскі абласны геранталагічны цэнтр плануецца стварыць у 2012 годзе на базе шпіталя для ветэранаў "Юрцава" ў Аршанскім раёне, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА галоўны пазаштатны герантолаг упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Наталля Лугаўцова. Паводле яе слоў, Віцебскі абласны шпіталь інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны "Юрцава" назапасіў багаты вопыт па рэабілітацыі пажылых людзей і валодае добрай матэрыяльнай базай. З улікам усяго гэтага ў бягучым годзе плануецца пашырыць яго паўнамоцтвы і нацэліць на працу з усімі людзьмі пажылога ўзросту ў рэгіёне. "Вядома, для гэтага спатрэбіцца ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу шпіталя. Пытанне фінансавання ў цяперашні час разглядаецца", - адзначыла Наталля Лугаўцова. Па стане на 1 студзеня 2012 года пад наглядам арганізацый аховы здароўя ў Віцебскай вобласці знаходзіцца 256,8 тыс. чалавек пажылога і старэчага ўзросту. Удзельная вага гэтай катэгорыі насельніцтва складае 21%. У 2011 годзе медыцынскія агляды прайшлі 98,5% гэтых асоб. Колькасць адзінокіх грамадзян складае 20,5 тыс. чалавек (8% ад усіх пажылых), з іх амаль 6,6 тыс. маюць патрэбу ў староннім доглядзе. У катэгорыі пажылога насельніцтва вобласці пераважаюць жыхары гарадской мясцовасці (62,8%), у сельскай мясцовасці засяроджана 37%. Медыцынская дапамога ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і асобам, пацярпелым ад наступстваў войнаў, у арганізацыях аховы здароўя Віцебскай вобласці аказваецца без абмежавання, выконваюцца прынцыпы пазачарговага і першачарговага абслугоўвання, праводзяцца 100-працэнтныя абавязковыя комплексныя медыцынскія агляды ветэранаў. Для паляпшэння аказання стацыянарнай дапамогі спецыяльна для гэтай катэгорыі асоб ва ўстановах аховы здароўя выдзелена 170 палат на 420 ложкаў. За 2011 год на іх пралечана 2,1 тыс. ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і 178 ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў. Усе ветэраны забяспечаны неабходнымі сродкамі тэхнічнай рэабілітацыі. Для пажылых людзей на базе медустаноў вобласці створана і функцыянуе 37 школ здароўя трэцяга ўзросту з мэтай павышэння іх ведаў па прафілактыцы і лячэнні наяўных захворванняў. У школах праведзена 3,5 тыс. заняткаў, прайшло навучанне 6,9 тыс. чалавек. Таксама дзейнічаюць 34 геранталагічныя кабінеты, у тым ліку 12 на штатнай і 22 на функцыянальнай аснове. Праводзіцца пастаяннае павышэнне кваліфікацыі медработнікаў па аказанні медыцынскай дапамогі асобам пажылога ўзросту на працоўных месцах. Сродкамі тэхнічнай рэабілітацыі, санаторна-курортным лячэннем забяспечаны ўсе ветэраны вобласці.-0-