Віцебскі абласны кардыялагічны дыспансер апрабуе новую паслугу «Кардыяпакет»
Пра гэта паведаміла в.а. галоўнага ўрача Алена Кузняцова падчас прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да агульнарэспубліканскай акцыі «Здаровае сэрца – вектар жыцця», якая пройдзе на Віцебшчыне 12-13 лістапада.
Сутнасць паслугі ў тым, што за адзін койка-дзень пацыент зможа прайсці абследаванне па ўсіх метадах дыягностыкі, якімі распараджаецца дыспансер, і атрымаць адпаведныя рэкамендацыі. На сённяшні дзень установа прапануе два віды такога комплексу, якія адрозніваюцца аб'ёмам абследавання.
У цяперашні час фарміруецца яшчэ адзін кардыяпакет, разлічаны ўжо на пяць дзён знаходжання і які ўключае медыкаментознае лячэнне, фізіяпрацэдуры, водны масаж, псіхалагічныя кансультацыі і г.д.
З верасня паслугай скарысталася каля 20 чалавек, прычым палова з іх – замежныя грамадзяне, а менавіта расіяне. Як адзначаюць медыкі, найбольшую цікавасць новаўвядзенне выклікала ў людзей ва ўзросце 35-55 гадоў, якім зручней прысвяціць абследаванню адзін дзень, а не марнаваць час на паліклінікі. Характэрна, што практычна ва ўсіх зваротных было выяўлена тое ці іншае захворванне сардэчна-сасудзістай сістэмы, у асноўным артэрыяльная гіпертэнзія.
Чаpговы раз кардыёлагі звяртаюць увагу на неабходнасць своечасовай дыягностыкі і абследавання, каб пазбегнуць сардэчных катастроф. Прафілактычным мэтам служыць і вышэйназваная медыка-асветніцкая акцыя. На перыяд яе правядзення на працягу двух дзён па ўсёй вобласці з 9.00 да 20.00 будуць працаваць пункты вымярэння артэрыяльнага ціску, дзе можна будзе не толькі даведацца свой узровень АД, але і атрымаць талоны ўдзельніка акцыі.
У Віцебску пункты традыцыйна размесцяцца на Галоўпошце, у ГЦ «Эвіком», аптэках №№ 31, 128, 164, 171, краме «Веста» ў Рубе, на здраўпунктах асобных буйных прадпрыемстваў і ў паліклініках. Жыхары перыферыі таксама змогуць паўдзельнічаць у акцыі, наведаўшы мясцовыя паліклінікі, участковыя бальніцы, амбулаторыі, ФАПы, аптэкі і гандлёвыя цэнтры. З дапамогай атрыманых талонаў можна трапіць на кансультацыю да кардыёлагаў і тэрапеўтаў абласнога кардыяспанасера і амбулаторна-паліклінічных устаноў рэгіёна.
Ну а тыя, у каго не атрымаецца асабіста прыйсці да ўрача, змогуць задаць пытанні спецыялісту на «гарачую лінію» абласнога кардыяспанасера з 10. 00 да 18. 00 па тэл.: 8(0212) 52-69-27.
Наталля Рыжкова, «Віцебскія весці».