Віцебскі абласны музей Міная Шмырэва распачынае новы праект "Жанчына і вайна".

Витебский областной музей Миная Шмырева начинает новый проект "Женщина и война"

Новы праект "Жанчына і вайна", прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Вялікай Перамозе, прадставіць Віцебскі абласны музей М.Ф. Шмырова.

Чырвоная Армія была першай еўрапейскай арміяй XX стагоддзя, якая мела ў сваім складзе асобныя жаночыя баявыя падраздзяленні на рэгулярнай аснове.

"У савецкай арміі ваявала каля мільёна жанчын. Яны авалодалі ўсімі ваеннымі спецыяльнасцямі, у тым ліку і самымі "мужчынскімі". Нават узнікла моўная праблема: у слоў "танкіст", "пехацінец", "аўтаматчык" да таго часу не існавала жаночага роду, таму што гэту працу яшчэ ніколі не рабіла жанчына. "Жаночыя" словы нарадзіліся там, на вайне..." — піша ў сваёй кнізе "У вайны не жаночы твар" Святлана Алексіевіч.

Упершыню загучаўшая ў такім ракурсе ў 1985 годзе (год выдання кнігі) тэма не губляе значнасці і сёння. Як адзначыла Ірына Шышкова, дырэктар абласнога музея Героя Савецкага Саюза М.Ф. Шмырова, актуальная гэтая тэма і для Віцебшчыны. Да пачатку 1944 года ў абласным цэнтры заставалася толькі 15 тысяч чалавек. У лютым 44-га фашысты правялі аблаву і захапілі 12 тысяч мірных жыхароў, выключна жанчын, старых і дзяцей, якія былі загнаны ў лагеры. Горад цалкам абязлюдзеў…

Жанчыны замянілі мужчын, якія пайшлі на фронт, на вытворчасці і склалі пераважную частку медыцынскага персаналу ваенных шпіталяў. Яны стараліся выжыць на акупаваных тэрыторыях, у гета, канцлагерах; іх вывозілі на прымусовыя працы ў Германію. Шмат жанчын ваявала з ворагам у партызанскіх атрадах. Так, на 1 жніўня 1944 года ў шэрагах беларускіх партызан налічвалася каля 374 тысяч чалавек, у тым ліку баявы склад — 282,5 тысячы. З іх жанчын — 45,2 тысячы. Акрамя таго, на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі 24 тысячы агентурных разведчыкаў і 19 тысяч сувязных, з якіх 65 працэнтаў — жанчыны.

Велізарную ролю ў вайне адыграў жаночы медперсонал. Менавіта жанчыны, далікатныя, слабыя, на сваіх плячах выносілі параненых мужчын з поля бою. Вайна зрабіла многіх фізічна і маральна вынослівымі.

Удзельнічаючы ў баявых дзеяннях, яны паміралі наравне з мужчынамі і гэтак жа праяўлялі мужнасць і адвагу. Дзевяць беларусак удастоены звання Героя Савецкага Саюза, з іх тры здзейснілі подзвігі на тэрыторыі Віцебшчыны — Вера Хоружая, Зінаіда Партнова, Ефрасіння Зенькова.

Не лягчэй было і ў пасляваенны час: акрамя бытавых, харчовых праблем, пытанняў выхавання дзяцей, стаяла асноўная задача — адраджэнне народна-гаспадарчага комплексу краіны. Жаночая праца шырока выкарыстоўвалася ва ўсіх сферах эканомікі і сельскай гаспадаркі, і галоўная прычына ў тым, што з вайны не вярнуліся многія мужчыны — бацькі, сыны, браты.

У архіве музея захоўваюцца ўнікальныя дакументы пра віцебскіх жанчын, маладосць якіх прыпала на ваеннае ліхалецце, цяжкі пасляваенны час: Герой Сацыялістычнай Працы Марыя Мацэнка, кіраўніца падпольнай групы Вера Кулагіна, падпольшчыца Надзея Самуйлава (захавалася яе перапіска з мужам, які ў чэрвені 1941-га пайшоў на фронт, а напярэдадні, у маі, яны толькі пажаніліся).

Гэтыя і іншыя дакументы лягуць у аснову серыі выставак у рамках праекта — "Жанчына ў тыле", "Жанчына-падпольшчыца", "Сямейны альбом". Плануецца таксама шэраг сустрэч з удзельніцамі Вялікай Айчыннай вайны і членамі іх сем'яў: сведкі жахлівых падзей раскажуць, як яны змаглі выжыць і не зламацца ў гэтых нечалавечых умовах. Таксама будзе праведзена навукова-практычная канферэнцыя "Жанчына як удзельнік ваенных падзей".

"Жанчына і вайна" — доўгатэрміновы праект, мерапрыемствы якога пройдуць у гэтым і наступным гадах.

Ірына Азевіч, "Віцьбічы"