Віцебскі абласны саюз наймальнікаў плануе пашырыць сетку філіялаў у раёнах

4 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскі абласны саюз наймальнікаў плануе пашырыць сетку філіялаў у раёнах і актывізаваць садзеянне з прадпрыемствамі рэгіёна ў развіцці знешнеэканамічнай дзейнасці і прасоўванні айчыннай прадукцыі на знешнія рынкі. Аб гэтым заявіў сёння выканаўчы дырэктар саюза наймальнікаў Альберт Каралеў на справаздачна-выбарнай канферэнцыі некамерцыйнага аб'яднання, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У цяперашні час філіялы аб'яднання функцыянуюць у 6 раёнах вобласці. Такая форма работы дазваляе выканаўчай дырэкцыі наладзіць эфектыўную зваротную сувязь з рэгіянальнымі вытворцамі, актыўна ўключыць іх у арбіту дзейнасці аб'яднання і садзейнічаць іх эканамічнаму развіццю. Адным з магчымых шляхоў развіцця рэгіянальнай сеткі аб'яднання з'яўляецца стварэнне прадстаўніцтваў у раёнах, якія б аб'ядноўвалі і каардынавалі працу членаў саюза адразу з некалькіх бліжэйшых рэгіёнаў. Аб'яднанне працягне арганізацыю навучальных мерапрыемстваў для прадстаўнікоў прадпрыемстваў. За апошнія тры гады саюз правёў больш за 100 семінараў па актуальных праблемах прымянення заканадаўства і гаспадарчай дзейнасці, у якіх прынялі ўдзел каля 6 тыс. спецыялістаў. Акрамя таго, атрымае працяг такая форма работы, як арганізацыя дзелавых місій айчынных вытворцаў у замежныя краіны для вывучэння перадавога кіраўніцкага вопыту і перспектыўных тэхналогій у розных сферах дзейнасці. Выканаўчая дырэкцыя саюза мае намер таксама актывізаваць і пашырыць дзелавыя кантакты з аналагічнымі аб'яднаннямі з прымежных абласцей Расіі і краін Балтыі. Віцебскі абласны савет наймальнікаў (ВАСН) - найбуйнейшае некамерцыйнае аб'яднанне наймальнікаў Прыдзвінскага краю, членамі якога з'яўляюцца больш за 250 прадпрыемстваў і арганізацый. Аб'яднанне заснавана ў 1999 годзе. Аб'ём выпуску прамысловай прадукцыі прадпрыемстваў - членаў ВАСН складае больш за 70% агульнага аб'ёму вытворчасці прадпрыемстваў вобласці.-0-