Віцебскі абласны Савет дэпутатаў удакладніў бюджэт вобласці на 2012 год
9 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцебскі абласны Савет дэпутатаў удакладніў асобныя паказчыкі бюджэту Віцебскай вобласці на 2012 год. Пытанне аб унясенні ўдакладненняў разгледжана сёння на 19-й, пазачарговай сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў 26-га склікання, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах начальніка фінансавага ўпраўлення Віцебскага аблвыканкама Барыса Кічаноўскага, удакладнены паказчыкі абласнога бюджэту на 2012 год у частцы павелічэння даходаў на Br68 млрд., расходаў па функцыянальнай класіфікацыі расходаў бюджэту па раздзелах, падраздзелах і відах расходаў - на Br7 млрд.
Удакладненне паказчыкаў абумоўлена шэрагам фактараў. Так, у сувязі са змяненнем умоў пастаўкі нафты ў 2011 годзе, аднаўленнем перапрацоўкі давальніцкай сыравіны ў ААТ "Нафтан", а таксама з улікам росту цэн на нафту на сусветных рынках, у першым квартале 2012 года асобнымі арганізацыямі вобласці, якія займаюцца перапрацоўкай нафты, праведзены даплаты падатку на прыбытак па выніках працы за 2011 год. Усяго даплаты падатку на прыбытак па выніках працы арганізацый Віцебскай вобласці за 2011 год склалі каля Br370 млрд.
Акрамя таго, за студзень-сакавік бягучага года ў мясцовыя бюджэты вобласці паступіла Br556,3 млрд. падатку на прыбытак, з іх у абласны бюджэт - Br251,1 млрд. План першага квартала 2012 года перавыкананы на Br159,9 млрд., у тым ліку абласнога бюджэту - на Br94 млрд. З улікам фактычнага паступлення падатку на прыбытак даходы абласнога бюджэту павялічваюцца на Br68 млрд.
Расходы абласнога бюджэту павялічваюцца на Br7 млрд. Фінансавыя рэсурсы будуць накіраваны на падрыхтоўку інтэрната і навучальнага корпуса Глыбоцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельгасвытворчасці да Дня беларускага пісьменства (на базе дадзенай установы адукацыі плануецца размяшчэнне і харчаванне гасцей свята) і на набыццё абсталявання і выкананне будаўніча-мантажных работ для дзіцячай паліклінікі №2 з прыбудовай па вуліцы Чкалава.
Перавышэнне даходаў над расходамі ў суме Br61 млрд. накіроўваецца на выплату плацяжоў Віцебскім аблвыканкамам у якасці гаранта па пагашэнні і абслугоўванні крэдытаў, прыцягнутых на закупку мінеральных угнаенняў.
Акрамя таго, у сувязі з паступленнем у бюджэт Наваполацка звышпланавых даходаў, не ўлічаных пры давядзенні разліковых паказчыкаў па даходах на 2012 год, змяншаецца планавая датацыя, якая перадаецца з абласнога бюджэту ў бюджэт Наваполацка ў суме Br104,6 млрд. і змяншаецца нарматыў адлічэнняў ад падатку на прыбытак іншых арганізацый для Наваполацка з 50% да 10% (план па падатку на прыбытак у бюджэт Наваполацка на 2012 год зацверджаны ў памеры Br32 млрд., у першым квартале бягучага года ў бюджэт горада ўжо залічана Br154,7 млрд. падатку). -0-