Віцебскі аблвыканкам ініцыюе стварэнне агранамічнага факультэта ў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі

30 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Віцебскі аблвыканкам ініцыюе стварэнне агранамічнага факультэта на базе Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама. Неабходнасць адкрыцця новай спецыяльнасці абумоўлена вострым недахопам высокакваліфікаваных агранамічных кадраў у вобласці. Паводле даных аблсельгасхарчу, гаспадаркі маюць патрэбу ў 26 аграномах, у тым ліку не хапае 14 галоўных аграномаў. У цэлым па сельгаспрадпрыемствах дэфіцыт кадраў складае больш за 200 спецыялістаў галіновых службаў. Пры гэтым толькі 60% працаўнікоў маюць вышэйшую адукацыю, а у такіх раёнах, як Шаркаўшчынскі, Россонскі, Ушацкі - не больш за 40%. Інтэнсіфікацыя аграрнай вытворчасці, яе тэхнічнае і тэхналагічнае перааснашчэнне, пераход на навукаёмістыя, рэсурсазберагальныя тэхналогіі прад'яўляюць павышаныя патрабаванні да кадравага складу. Для вырашэння пытання забеспячэння сельгасарганізацый вобласці высокакваліфікаванымі агранамічнымі кадрамі аблвыканкам прапануе Мінсельгасхарчу з 1 верасня 2011 года адкрыць на базе ветэрынарнай акадэміі агранамічны факультэт з штогадовым прыёмам 40-50 чалавек. Па словах рэктара Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Антона Ятусевіча, ВНУ мае дастатковую навучальную базу для адкрыцця новай спецыяльнасці. Будучыя ветэрынары і заатэхнікі, гэтак жа як і аграномы, вывучаюць батаніку, тэхналогію вырошчвання кармоў. Да таго ж падрыхтоўку аграномаў са сярэдняй спецыяльнай адукацыяй вядзе Лужаснянскі аграрны каледж, які ўваходзіць у склад акадэміі. У сувязі з гэтым, на думку рэктара, эканамічна мэтазгодна было б адкрыць новую спецыяльнасць са скарочаным тэрмінам навучання спецыялістаў са сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. -0-