Віцебскі аблвыканкам накіруе Br15 млрд. на ўмацаванне матэрыяльнай базы ўніверсітэта імя П.Машэрава

26 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскі аблвыканкам накіруе Br15 млрд. на ўмацаванне матэрыяльнай базы ўніверсітэта імя П.Машэрава. Аб гэтым заявіў старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец сёння на ўрачыстым сходзе ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.Машэрава, прысвечаным 100-гадоваму юбілею ВНУ, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па словах кіраўніка вобласці, адкрыццё ў 1910 годзе настаўніцкага інстытута ў Віцебску стала для рэгіёну эпохальнай падзеяй. За векавую гісторыю ВНУ яго нязменным стрыжнем заставалася эфектыўная, якасная падрыхтоўка кадраў. Сёння перад краінай стаіць задача фарміравання чалавечага капіталу, таму дзейнасць універсітэта набывае асаблівую значнасць. Інавацыі ўсюды і ва ўсім - вось лейтматыў развіцця дзяржавы на будучую пяцігодку, і ад якасці работы ўніверсітэта залежыць фарміраванне творчай асобы, якой і трэба будзе ствараць інавацыі, адзначыў Аляксандр Косінец. За апошнія гады ў дзяржуніверсітэце праведзены вялікі аб'ём работы па ўдасканаленні вучэбнага працэсу і падрыхтоўкі спецыялістаў, нямала ўвагі ўдзяляецца развіццю матэрыяльна-тэхнічнай базы ВНУ. Разам з тым ёсць нямала праблем, аб магчымым вырашэнні якіх Аляксандр Косінец аб'явіў непасрэдна з трыбуны на ўрачыстым пасяджэнні. Так, аблвыканкам выдзеліў ВНУ Br 5 млрд. на рэканструкцыю стадыёна, які размешчаны побач з галоўным вучэбным корпусам. Яшчэ адным падарункам аблвыканкама стала сучасная электронная бібліятэка на 30 месцаў з падключэннем да рэсурсаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У бліжэйшыя тры гады плануецца пабудаваць новы вучэбны корпус універсітэта, які зойме юрыдычны факультэт. Акрамя таго, аблвыканкам накіруе каля Br10 млрд. на вырашэнне пытання па забеспячэнні інтэрнатам студэнтаў. "Цэнтральнай фігурай любога ВНУ з'яўляецца яго вялікасць студэнт, выкладчыкі павінны акружыць яго бацькоўскай любоўю і клопатам, і ў гэтым залог поспеху кожнай навучальнай установы", - перакананы Аляксандр Косінец. Пры падтрымцы аблвыканкама ВДУ зможа прадаставіць месцы ў інтэрнаце 500 студэнтам, якія пакуль вымушаны здымаць жыллё.-0-