Віцебскі аблвыканкам прыняў рашэнне аб стварэнні адзінай абласной газеты "Віцебскія весці"
Віцебскі аблвыканкам прыняў рашэнне аб стварэнні адзінай абласной грамадска-палітычнай газеты "Віцебскія весці", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні ідэалагічнай работы Віцебскага аблвыканкама.
У рэдакцыю абласной газеты "Віцебскія весці" рэарганізаваны шляхам зліцця рэдакцыі абласных газет "Віцебскі рабочы" і "Народнае слова". Заснавальнікам новай газеты выступіў Віцебскі аблвыканкам, органам кіравання вызначана ўпраўленне ідэалагічнай работы Віцебскага аблвыканкама. Выпуск "Віцебскіх вестак" пачнецца з 1 ліпеня 2013 года. Выданне захавае перыядычнасць выхаду (3 разы на тыдзень). Плануецца, што аб'ём нумароў складзе 8 палос у аўторак, 24 - у чацвер і 16 - у суботу.
Галоўная мэта новай газеты - стварыць якасны, прафесійны інфармацыйны прадукт, які выключыць дубліраванне інфармацыі. "Аб'яднаны калектыў успрыме лепшыя традыцыі і вопыт, назапашаныя пакаленнямі журналістаў "Віцебскага рабочага" і "Народнага слова", і перанясе іх у новае выданне, а таксама знойдзе ўласны творчы стыль і тэматыку, якія не толькі захаваюць за выданнем чытачоў цяперашніх абласных газет, але і заваююць для "Віцебскіх вестак" новую чытацкую аўдыторыю", - падкрэслілі ва ўпраўленні.
Сёння на інфармацыйным полі вобласці зарэгістравана больш за 60 перыядычных друкаваных выданняў, з іх 25 - дзяржаўныя грамадска-палітычныя газеты.
За апошнія гады рэгіянальная дзяржаўная прэса зрабіла прыкметны крок наперад па сваім змесце, інфармацыйнай насычанасці, афармленні. У большасці сваёй гэта сучасныя выданні, агульны аднаразовы тыраж якіх у Віцебскай вобласці на пачатак 2013 года склаў больш за 165 тыс. экзэмпляраў. Кожная з рэгіянальных газет Віцебскай вобласці мае свой сайт у Інтэрнэце. Тут размяшчаецца ў асноўным аператыўная інфармацыя, навіны, а ў друкаваных версіях іх замяняюць журналісцкія расследаванні, нарысы, аналітыка. "Рэгіянальная прэса і далей будзе развівацца ў гэтым напрамку, імкнуцца фарміраваць светапогляд і маральныя прынцыпы грамадзян нашай дзяржавы, адстойваць іх інтарэсы", - падкрэслілі ў аблвыканкаме. Там адзначылі, што такія задачы разам з неабходнасцю правядзення аптымізацыі дзяржаўных СМІ былі пазначаны кіраўніком дзяржавы ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь 21 красавіка.