Віцебскі аблвыканкам распрацоўвае 25 праграм інвестыцыйнага і інавацыйнага развіцця на 2011-2015 гады

31 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Віцебскі аблвыканкам завяршае распрацоўку 25 праграм па рэалізацыі найважнейшых інвестыцыйных і інавацыйных праектаў у 2011-2015 гадах, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце эканомікі Віцебскага аблвыканкама. Прыярытэтнымі напрамкамі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна на бліжэйшую пяцігодку вызначаны інтэнсіфікацыя аграпрамысловага комплексу, малая энергетыка, будаўніцтва аб'ектаў па перапрацоўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў, стварэнне прадпрыемстваў па выпуску імпартазамяшчальнай тэхнікі і абсталявання, паглыбленай перапрацоўцы драўніны, вытворчасці сучасных будаўнічых матэрыялаў, развіццё турыстычнай сферы і стварэнне інфраструктуры адпачынку і аздараўлення, комплекснае развіццё малых гарадоў. У прыватнасці, праграма "Малая энергетыка Віцебшчыны" прадугледжвае будаўніцтва міні-ЦЭЦ і кацельняў на мясцовых відах паліва, у тым ліку з прыцягненнем замежнага капіталу, будаўніцтва энергетычных установак, якія працуюць на нетрадыцыйных і аднаўляльных крыніцах энергіі, такіх як біягаз і вада. Праграмы "Віцебская вясёлка", "Вітаўта" накіраваны на стварэнне імпартазамяшчальных вытворчасцей па выпуску святлодыёднай тэхнікі, святлатэхнічнага медыцынскага абсталявання, спецаўтатранспарту і аўтагідрапад'ёмнікаў. У бліжэйшую пяцігодку ў рэгіёне з'явіцца свой парк інфармацыйных і інавацыйных тэхналогій, ствараць які трэба будзе ВНУ вобласці. Робячы стаўку на інтэнсіўны шлях развіцця сельскай гаспадаркі, у праграме развіцця АПК аблвыканкам прадугледзеў некалькі праектаў, накіраваных на забеспячэнне харчовай бяспекі. Так, у ААТ "Рудакова" запланавана будаўніцтва цяпліц для вырошчвання агародніны закрытага грунту, на Верхнядзвінскім масласырзаводзе і ў ААТ "Малако" будуць пабудаваны цэхі па вытворчасці сыроваткі. На працягу 2011-2015 гадоў Віцебшчына павінна нямала зрабіць для развіцця турыстычнай сферы. У вобласці з'явіцца паўтысячы аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу, будзе добраўпарадкавана столькі ж пляжаў, з'явіцца столькі ж паляўнічых домікаў. Некалькі праектаў праграм прадугледжваюць далейшае добраўпарадкаванне абласнога цэнтра і рэалізацыю праекта цэнтра Марка Шагала, стварэнне аб'ектаў уздоўж Заходняй Дзвіны ў Віцебску. Па папярэдніх разліках, 25 рэгіянальных праграм па напрамках сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці на 2011-2015 гады ўключаюць каля 600 аб'ектаў. Праекты праграм будуць прадстаўлены на разгляд і зацвярджэнне абласнога Савета дэпутатаў.-0-