Віцебскі аблвыканкам збіраецца выходзіць на відэасувязь з жыхарамі рэгіёна

Віцебскі аблвыканкам мае намер выходзіць на відэасувязь з жыхарамі вобласці для вырашэння іх надзённых праблем. Пра гэта журналістам сёння пасля прамой тэлефоннай лініі з жыхарамі рэгіёна паведаміў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У наступным годзе ў аблвыканкаме з'явіцца інтэрнэт-студыя, дзякуючы якой на відэасувязь з губернатарам і кіраўнікамі камітэтаў і ўпраўленняў аблвыканкама ва ўстаноўленыя дні прыёму змогуць выйсці грамадзяне прама з хатніх камп'ютараў. "Людзі ўбачаць, да каго яны звяртаюцца, каму даюцца даручэнні па вырашэнні іх пытанняў", - растлумачыў Аляксандр Косінец.

Аднак гэта не значыць, што толькі ўладальнікі камп'ютараў змогуць звязацца з уладай. Традыцыйныя, хоць і састарэлыя крыніцы сувязі, - тэлефоны, лісты, асабістыя прыёмы застануцца.

Дзіяна Курыла - БЕЛТА