Віцебскі аблвыканкам заснаваў прэміі для падтрымкі юных талентаў у сферы мастацтва

12 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскі аблвыканкам упершыню заснаваў 16 прэмій для падтрымкі таленавітай моладзі, якая прадэманстравала высокае выканальніцкае майстэрства на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і фестывалях. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні культуры аблвыканкама. Прэтэндэнтамі на званне лаўрэата змогуць стаць навучэнцы дзіцячых школ мастацтваў і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, адораванасць і таленты якіх знайшлі прызнанне ў ходзе творчых спаборніцтваў рознага ўзроўню як у краіне, так і за мяжой. Па выніках 2010 года прэміямі будуць адзначаны дзесяць адораных навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў у памеры 15 базавых велічынь кожны і шэсць студэнтаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў - прэміямі ў памеры 20 базавых велічынь (цяпер адна базавая велічыня роўная Br35 тыс.). Правам вылучэння кандыдатаў на прысуджэнне прэмій надзелены аддзелы культуры гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, а таксама адміністрацыі сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. У вобласці створана шматэтапная сістэма конкурсаў-фестываляў, якая спрыяе выяўленню і падтрымцы адораных дзяцей, развіццю іх творчага патэнцыялу. Заснаванне прэмій аблвыканкама стане яшчэ адным фактарам стымулявання творчага развіцця дзяцей і падлеткаў, заахвочвання мэтанакіраванасці і працавітасці юных талентаў, а таксама павінна спрыяць іх пазітыўнаму прафесійнаму самавызначэнню. Падвядзенне вынікаў і ўрачыстае ўзнагароджанне лаўрэатаў прэміі пройдзе ў канцы 2010 года. У перспектыве прэміі плануецца засноўваць штогод. У вобласці дзейнічаюць 86 дзіцячых школ мастацтваў, у якіх навучаюцца каля 15 тыс. дзяцей, а таксама 3 сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, дзе асвойваюць азы творчых прафесій больш за 800 падлеткаў.-0-