Віцебскі аблвыканкам унёс у ўрад прапановы па стварэнні «ільно» холдынгу

16 лютага, Лёзна /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Віцебскі аблвыканкам падрыхтаваў прапановы па стварэнні холдынгу па ільноперапрацоўцы і ўнёс іх ва ўрад. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Навацкі. У склад холдынгу прапануецца ўключыць Аршанскі ільнокамбінат, ільнозаводы і ільнасейныя гаспадаркі рэспублікі, НДІ ільну пры Нацыянальнай акадэміі навук, швейныя прадпрыемствы "Сцяг індустрыялізацыі" (Віцебск) і "Свiтанак" (Орша). Галоўнай мэтай стварэння холдынгу стане эканамічная эфектыўнасць вырошчвання, перапрацоўкі лёну, атрыманне дабаўленага кошту за кошт пашырэння выпуску вырабаў з ільнавалакна. Віцебскі аблвыканкам таксама прапануе правесці рэструктурызацыю ільназаводаў. У Віцебскай вобласці з 20 цяпер дзейных могуць застацца 10, на якіх пройдзе буйная мадэрнізацыя. Напрыклад, у набыццё новага абсталявання на Лёзненскім ільназаводзе будзе інвеставана каля Br4 млрд. Абнаўленне тэхналагічнага парку дазволіць пашырыць наменклатуру вырабаў з ільнатрасты. Лён з'яўляецца сыравінай для вытворчасці 40 відаў рознай прадукцыі: ад пораху да папяроснай паперы. Па словах Уладзіміра Навацкага, свае прапановы па стварэнні холдынгу таксама рыхтуе Нацыянальная акадэмія навук. Суразмоўца не выключае таго, што холдынг запрацуе ўжо ў бягучым годзе.-0-