Віцебскі аблвыканкам за паўгода заключыў 17 буйных інвестпраектаў на агульную суму каля 100 млн долараў.
15 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Віцебскі аблвыканкам за паўгода заключыў 17 буйных інвестыцыйных праектаў на агульную суму каля $100 млн, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Алег Мацкевіч.
Заканадаўствам аблвыканкаму прадастаўлена права прадстаўляць Беларусь і заключаць дагаворы па найбольш значных інвестпраектах. Падпісаныя ў бягучым годзе дагаворы прадугледжваюць рэалізацыю прапаноў па рэканструкцыі дзейных вытворчасцей, будаўніцтве сучасных гандлёвых, культурна-забаўляльных цэнтраў і аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу.
Адказваючы на пытанне аб мэтазгоднасці частага правядзення інвестфорумаў, Алег Мацкевіч выказаў упэўненасць, што правядзенне рэгіянальных інвестыцыйных форумаў з'яўляецца адной з эфектыўных форм прыцягнення бізнесменаў у вобласць. На форуме інвестар атрымлівае магчымасць непасрэднага і бесперапыўнага кантакту з усімі арганізацыямі, датычнымі да праекта, і тут жа можа атрымаць кансультацыі па адводзе або арэндзе зямельных участкаў, маёмасці, абсталяванні, мытных і падатковых плацяжах, банкаўскім абслугоўванні. Яшчэ адной перавагай бізнес-форумаў намеснік старшыні аблвыканкама лічыць прадастаўленне айчынным прадпрыемствам магчымасці быць у курсе інтарэсаў інвестараў. "Форумы дазваляюць ацаніць патрэбы інвестараў, іх варыянты супрацоўніцтва, аператыўна правесці карэкціроўку сваіх прапаноў", - дадаў ён.
Росту інтарэсаў інвестараў да Віцебскай вобласці будзе спрыяць удзел Беларусі ў Мытным саюзе (МС), упэўнены Алег Мацкевіч. З 6 ліпеня ўвоз любога тавару на тэрыторыю Беларусі аўтаматычна азначае, што тавар паступае на тэрыторыю МС і можа ў далейшым бесперашкодна перамяшчацца да Уладзівастока або Астаны.
Віцебская вобласць стала ўдзельнікам аднаго з самых буйных еўрапейскіх транспартных праектаў "Захад-Усход-зялёны калідор", які закліканы вывучыць магчымасці і ўмовы бесперашкоднай перавозкі грузаў ад партоў на Балтыйскім моры да партоў Кітая. Праект аб'ядноўвае 6 дзяржаў і больш за 50 удзельнікаў. Як лічыць Алег Мацкевіч, сам удзел вобласці ў гэтым праекце прыцягне ўвагу інвестараў да рэгіёну.