Віцебскі аблвыканкам за паўтара года заключыў 34 інвестдагаворы на суму каля Br490 млрд.
20 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Віцебскі аблвыканкам за паўтары гады дзеяння дэкрэта №10 "Аб стварэнні дадатковых умоў для інвестыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь" заключыў 34 інвестыцыйныя дагаворы на суму каля Br490 млрд., паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела інвестыцый камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Наталля Салтановіч.
Трэць дагавораў на агульную суму $147 млн. заключаны з замежнымі інвестарамі. Сярод найбольш буйных інвестыцыйных праектаў суразмоўніца назвала рэканструкцыю наяўных і стварэнне новых вытворчых магутнасцей на ААТ "Экамол" у Аршанскім раёне, будаўніцтва гандлёвага цэнтра па Бешанковіцкай шашы ў Віцебску ТАА "Тытунь-інвест", арганізацыю вытворчасці па перапрацоўцы насення рапсу ЗАТ "ГлыбокаеБіяПрадукт".
Як адзначыла Наталля Салтановіч, дзякуючы дэкрэту №10 спрошчана ўзаемадзеянне інвестара з уладай. Так, пры заключэнні дагавораў не патрабуецца прадстаўляць бізнес-план і комплексную экспертызу інвестпраекта.
Толькі ў красавіку бягучага года аблвыканкам заключыў 6 інвестыцыйных дагавораў, якія прадугледжваецца рэалізаваць на працягу 2011-2013 гадоў. Напрыклад, замежнае прадпрыемства "ГідраЭнергаІнвест" мае намер пабудаваць малую гідраэлектрастанцыю на водасбросе кар'ера "Даламіт", інвеставаўшы ў праект $1,5 млн. Сумеснае прадпрыемства "НТС" будзе рэалізоўваць праект "Будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю гандлёвага цэнтра плошчай 3 тыс.кв.м у Віцебску" з аб'ёмам інвестыцый $3,6 млн. Прыватнае прадпрыемства "МегаОйл" збіраецца пабудаваць у Віцебскім раёне аб'ект прыдарожнага сэрвісу, які будзе ўключаць аўтастаянку, гасцініцу на 20 месцаў, рэстаран, аўтазаправачную станцыю. Аб'ём інвестыцый складзе Br15 млрд. -0-