Віцебскі аблвыканкам прыродных рэсурсаў заклікае жыхароў рэгіёну 22 верасня перасесці на ровары
15 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Віцебскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя заклікае жыхароў рэгіёна 22 верасня хадзіць пешшу, перасесці на ровары ці ў крайнім выпадку скарыстацца грамадскім транспартам. Такім чынам Віцебшчына мае намер падтрымаць міжнародную акцыю "Дзень без аўтамабіля", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА галоўны спецыяліст аблвыканкама Таццяна Ясюліна.
Мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня без аўтамабіля, пройдуць ва ўсіх раёнах вобласці. Іх галоўнай мэтай стане папулярызацыя здаровага ладу жыцця і прыцягненне грамадскасці да праблем экалагічнай бяспекі. Нягледзячы на тое, што ў Віцебскай вобласці доля транспарту ў сумарных выкідах забруджвальных рэчываў складае 53%, а ў гарадах вагаецца ад 65% да 85%, за дзень у сярэднім у атмасферу выкідваецца 364 т забруджвальных рэчываў.
Упершыню Дзень без аўтамабіля прайшоў у французскім горадзе Ла-Рашэль у 1997 годзе, а праз год гэту ініцыятыву падхапіла ўся краіна. У 1999 годзе да Францыі далучыліся Італія і Швейцарыя, пасля чаго ідэя правядзення Міжнароднага дня без аўтамабіля распаўсюдзілася на ўсю Еўропу. У 2007 годзе ў гэтай акцыі ўдзельнічалі 1353 горада ў 37 краінах Еўропы і Канадзе.
У 2008 годзе Дзень без аўтамабіля ўпершыню прайшоў у Беларусі. У выніку за адзін дзень прадухілены выкіды ў атмасферу звыш 400 т забруджвальных рэчываў. Як чакаецца, у гэтым годзе да акцыі далучацца 17 міністэрстваў Беларусі, канцэрн "Белнафтахім", абласныя і Мінскі гарадскі выканаўчыя камітэты.-0-