Віцебскае аблспажыўсаюз ужо нарыхтавала 150 т свежай чарніцы

16 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Самы паўночны - Віцебскі аблспажыўсаюз - ужо нарыхтаваў 150 т свежай чарніцы, расказаў карэспандэнту БЕЛТА старшыня абласнога саюза спажывецкіх таварыстваў Аляксандр Шынкарэнка. З кожным тыднем аб'ёмы закупак каштоўнай ягады растуць. Кааператары разлічваюць нарыхтаваць 900 т чарніцы. Прыкладна палова яе будзе экспартавана. Прадпрыемствамі спажыўкааперацыі заключаны дагаворы на пастаўку ягад у Польшчу, Германію, Літву. Як адзначыў Аляксандр Шынкарэнка, у кожным раёне вобласці закуплены камеры для ахаладжэння і глыбокай замаразкі ягад. Гэта дазволіць задаволіць попыт замежных пакупнікоў на астуджаную ягаду, а айчынных спажыўцоў - на ягаду шокавай замаразкі. Упершыню сёлета віцебскія кааператары гатовы паставіць у гандлёвую сетку замарожаныя чарніцу, брусніцы, журавіны і садовыя ягады. У гандаль і на перапрацоўку ўжо паступіла каля 300 т клубніц, больш за 500 т агуркоў. Аб'ёмы закупак сельгаспрадукцыі ў насельніцтва сёлета кааператары павялічаць не менш чым на 10%. -0-