Віцебскі аблсавет упершыню бязвыплатна перадаў нерухомасць прыватнаму прадпрыемству пад інвестпраект

10 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскі абласны Савет на сённяшняй сесіі прыняў рашэнне аб бязвыплатнай перадачы камунальнай нерухомасці ва ўласнасць прыватнаму прадпрыемству пад рэалізацыю інвестыцыйнага праекта з аб'ёмам інвестыцый у Br4,5 млрд., перадае карэспандэнт БЕЛТА. Прыватнае унітарнае прадпрыемства "Вітстрайтэхмаш" плануе на прадастаўленай пляцоўцы стварыць вытворчасць пад'ёмна-транспартных механізмаў і спецыяльнага абсталявання. Ва ўласнасць айчыннаму інвестару перададзены комплекс вытворчых і дапаможных аб'ектаў нерухомасці ацэначным коштам каля Br327 млн., які не выкарыстоўваецца з 2005 года. Такая здзелка ўпершыню ажыццёўлена ў Віцебскай вобласці ў новых умовах лібералізацыі эканомікі, адзначылі спецыялісты фонду "Віцебскаблмаёмасць". У адпаведнасці з Дэкрэтам №10 "Аб стварэнні дадатковых умоў для інвестыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь" паміж Віцебскай вобласцю і "Вітстрайтэхмашам" заключаны інвестыцыйны дагавор. Інвестпраект прадугледжвае будаўніцтва вытворчага комплексу, шэрагу дапаможных будынкаў, а таксама набыццё тэхналагічнага абсталявання. Гэта дазволіць прыватнаму прадпрыемству перайсці ад абслугоўвання аўтакранавай тэхнікі да яе вытворчасці на базе выпускаемых у Беларусі аўтамабіляў, у прыватнасці на базе шасі МАЗа. Праект будзе ўключаны ў абласную праграму імпартазамяшчэння, а таксама прадугледжвае стварэнне больш за 100 рабочых месцаў. Акрамя таго, прадпрыемства плануе на сваёй базе адкрыць вучэбны цэнтр па навучанні грамадзян рабочым спецыяльнасцям, звязаным з абслугоўваннем аўтатэхнікі. Мяркуецца, што ў цэнтры адначасова будуць праходзіць падрыхтоўку да 70 чалавек, у тым ліку па накіраванні дзяржаўнай службы занятасці. Па папярэдніх разліках, да 2013 года пры выхадзе на поўную магутнасць гадавы аб'ём вытворчасці, у тым ліку аказання паслуг вытворчага характару, складзе каля Br12 млрд., сума падатковых і іншых плацяжоў у бюджэт - каля Br3 млрд. Бязвыплатная перадача невыкарыстоўваемых аб'ектаў нерухомасці дазволіць інвестару скараціць фінансавыя выдаткі і час на рэалізацыю праекта. Прыватнае вытворча-гандлёвае унітарнае прадпрыемства "Вітстрайтэхмаш" створана ў 2004 годзе. Прадпрыемства спецыялізуецца на тэхнічным абслугоўванні і рамонце ўсіх відаў аўтакранавай тэхнікі і аўтапад'ёмнікаў, вырабе адказных металаканструкцый і вузлоў, вытворчасці будаўнічага абсталявання. "Вітстрайтэхмаш" таксама арганізаваў на сваёй базе навучанне грамадзян (адначасова да 20 чалавек) па спецыяльнасцях "аўтаслесар", "мантажнік", "аўтаэлектрык", "такелажнік", "механік" і інш. Колькасць працоўных на прадпрыемстве перавышае 100 чалавек.-0-