Віцебскі плодаагароднінны камбінат у 2010 годзе асвоіць выпуск сокаў для дзіцячага харчавання ў пакаванні тэтрапак

11 снежня, Мінск / Таццяна Лобас - БЕЛТА /. Віцебскі плодаагароднінны камбінат у 2010 годзе асвоіць выпуск сокаў для дзіцячага харчавання ў пакаванні тэтрапак, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Расціслаў Гошка. Для гэтага на камбінаце будзе ўстаноўлена лінія па разліве сокаў у тару тэтрапак па 200 мл. На іншых прадпрыемствах "Белгоспішчапрама" малая ўпакоўка тэтрапак пакуль не выкарыстоўваецца, яе імпартуюць. Па словах кіраўніка, прадукцыя будзе вырабляцца па праграме імпартазамяшчэння. З улікам уводу новай лініі асартымент сокаў для дзіцячага харчавання плануецца пашырыць. Рэцэптуры ўжо распрацаваны. Увесці лінію ў эксплуатацыю мяркуецца ў першым паўгоддзі 2010 года. У будучым годзе плануецца асвоіць выпуск кансерваў для дзіцячага харчавання на мяса-расліннай аснове. Для гэтага будзе набыта тэхналагічная лінія, увод у эксплуатацыю якой плануецца ажыццявіць у другім паўгоддзі. Да агародніннага пюрэ стане дадавацца мясная сыравіна. Гэта будуць розныя спалучэнні: мяса індычкі з бульбай і капустай, мяса курыцы з зялёным гарошкам або капустай, ялавічына або печань з даданнем агародніннага пюрэ. У бягучым годзе прадпрыемства асвоіла выпуск 17 новых найменняў прадукцыі, з іх 14 відаў пюрэ і 3 віды соку. З 2009 года вытворчасць дзіцячага харчавання стала асноўным напрамкам развіцця камбіната. Асартымент прадукцыі налічвае 23 найменні кансерваў дзіцячага харчавання, 10 з якіх - плодаагароднінныя пюрэ. Віцебскі плодаагароднінны камбінат заснаваны ў 1993 годзе, акцыянаваны ў 2008-м. Прадпрыемства спецыялізуецца на выпуску пладова-ягадных і агароднінных кансерваў, у тым ліку для дзіцячага харчавання, пюрэ-паўфабрыкатаў, кансерваваных асептычным спосабам.-0-