Віцебскі плодаагароднінны камбінат у 2010 годзе павялічыць выпуск кансерваў для дзіцячага харчавання ў 1,4 раза

25 чэрвеня, Мінск /Таццяна Лобас - БЕЛТА/. РУП "Віцебскі плодаагароднінны камбінат" мае намер вырабіць не менш як 3,9 млн. умоўных слоікаў кансерваў для дзіцячага харчавання, што ў 1,4 раза больш, чым у 2009 годзе, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Расціслаў Гошка. Пры гэтым ён адзначыў, што ў адпаведнасці з прэзідэнцкай праграмай "Дзеці Беларусі" камбінату даведзена заданне вырабіць у бягучым годзе 2,5 муб. Такім чынам, план будзе перавыкананы на 58%. За студзень-май ужо выраблена 1,5 муб кансерваў для дзіцячага харчавання, або на 66,8% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Выкарыстанне магутнасцей па вытворчасці дзіцячага харчавання павялічылася з 8,3% у 2005 годзе да 34,9% у 2009-м. У бягучым годзе плануецца павялічыць загрузку абсталявання яшчэ на 21,5%. Інтэнсіфікацыя вытворчасці дазволіла камбінату ў 2009 годзе вырабіць 2,445 муб кансерваў для дзіцячага харчавання, або 101,9% да задання прэзідэнцкай праграмы "Дзеці Беларусі". З 2009 года вытворчасць дзіцячага харчавання стала асноўным напрамкам развіцця камбіната. У студзені-маі прадпрыемства асвоіла выпуск васьмі новых відаў прадукцыі для дзіцячага харчавання: пюрэ з каляровай капусты са сліўкамі, з яблыкаў і каляровай капусты, маркоўна-абрыкосавае, з агуркоў і яблыкаў, з агуркоў і морквы, з агуркоў і морквы са сліўкамі, з морквы і каляровай капусты са сліўкамі, з агуркоў і чорнай парэчкі. Кансервы выпускаюцца ў сучаснай шклабанцы ёмістасцю 190 мл. Удзельнічаючы ў рэалізацыі прэзідэнцкай праграмы "Дзеці Беларусі", прадпрыемства ўжо асвоіла вытворчасць больш як 50 відаў кансерваў для дзіцячага харчавання. Першыя доследныя партыі дзіцячага харчавання тут пачалі вырабляць у 2006 годзе. За 2007-2009 гады наладжаны выпуск 21 віду сокаў і 27 відаў пюрэ. Сёлета яшчэ плануецца асвоіць 22 віды прадукцыі для дзіцячага харчавання. Такім чынам, працэс абнаўлення асартыменту за апошнія два гады павялічыўся ўдвая. "Мода на здароўе, якую праяўляюць маладыя беларускія мамы, стымулюе попыт на якаснае дзіцячае харчаванне, - канстатуе Расціслаў Гошка. - Нам, як вытворцам, гэта дазволіла летась знізіць запасы па дзіцячым харчаванні ў натуральным вымярэнні на 11,8%, пры тым што аб'ём яго вытворчасці вырас у 1,5 раза. У цяперашні час уся прадукцыя прадпрыемства запатрабавана як на ўнутраным, так і на знешнім рынках". Нароўні з прадукцыяй для самых маленькіх прадпрыемства асвоіла вытворчасць кансерваў для цяжарных і жанчын, якія кормяць. Для іх арганізаваны выпуск пюрэ прафілактычнага прызначэння, узбагачанага нутрыентамі. Гэты прадукт распрацаваны спецыялістамі Віцебскага дзяржмедуніверсітэта і змяшчае комплекс мікраэлементаў, карысных і для будучай мамы, і для малога. РУП "Віцебскі плодаагароднінны камбінат" заснаваны ў 1993 годзе. У 2008 годзе прадпрыемства акцыянавана. У цяперашні час 99,9% акцый знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы. Колькасць работнікаў складае каля 200 чалавек.-0-