Віцебскі плодаагароднінны камбінат у I квартале павялічыў экспарт у 15 разоў

1 красавіка, Мінск /Таццяна Лобас - БЕЛТА/. Віцебскі плодаагароднінны камбінат у першым квартале бягучага года павялічыў экспарт прадукцыі ў 15 разоў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Расціслаў Гошка. З пачатку года прадпрыемства адгрузіла ў Расію 430 т пюрэ-паўфабрыкатату на $202,7 тыс. - у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ў грашовым выразе пастаўкі выраслі ў 15 разоў. "У далейшым мы маем намер нарошчваць экспарт таксама за кошт паставак кансерваў для дзіцячага харчавання - профільнай прадукцыі прадпрыемства. У прыватнасці, заключаны дагавор на пастаўку ў Калінінградскую вобласць кансерваў гандлёвай маркі "Ноўка" агульным коштам 0,5 млн. расійскіх рублёў. Першая партыя будзе адгружана ў бліжэйшыя дні", - распавёў кіраўнік. З 2009 года камбінат атрымаў 13 сертыфікатаў адпаведнасці расійскага ўзору на кансервы для дзіцячага харчавання, у тым ліку на пюрэ з яблыкаў і чарнаплоднай рабіны са сліўкамі, яблыкаў і чорнай парэчкі са сліўкамі, яблычна-моркаўны, яблычна-чарнічны, яблычна-мангавы, яблычна-чырвонапарэчкавы сокі і інш. У бліжэйшы час прадпрыемства разлічвае атрымаць яшчэ сем сертыфікатаў РФ. Акрамя таго, ідзе праца па атрыманні ўкраінскіх пасведчанняў гігіенічнай рэгістрацыі. Вядуцца перамовы аб пастаўках у Санкт-Пецярбург, Кастраму, а таксама ў гарады Украіны і Казахстана. Вывучаецца магчымасць выкарыстоўваць тавараправодзячую сетку РУП "Віцебскі лікёра-гарэлачны завод" для супольных паставак прадукцыі ў Казахстан. "Нам стала выгадна прадаваць на экспарт гатовую прадукцыю, улічваючы каньюнктуру цэн. Беларускія прадукты запатрабаваны на рынках сумежных дзяржаў, бо ў параўнанні з мясцовымі яны сталі больш прымальнымі па цане", - адзначыў Расціслаў Гошка. Пры гэтым не толькі цэны вызначаюць канкурэнтаздольнасць на знешніх рынках. Суадносіны цана-якасць сталі вызначальнымі ў павелічэнні кліенцкай базы камбіната. Па словах кіраўніка, дадатковымі канкурэнтнымі перавагамі пры заключэнні кантрактаў сталі дастаўка прадукцыі транспартам вытворцы, прадастаўленне замежным контрагентам скідак і адтэрміноўкі плацяжу. Прадпрыемства павышае свой экспартны патэнцыял і за кошт пашырэння асартыменту. У 2009 годзе выраблена 36 новых відаў прадукцыі, з іх 18 відаў дзіцячага харчавання. Гэта розныя фруктова-ягадныя пюрэ для дзіцячага харчавання са сліўкамі, фруктовыя і агароднінныя пюрэ з аўсянай крупай, чарнічныя і буяковыя сокі. Толькі за першы квартал колькасць найменняў кансерваў для дзіцячага харчавання павялічылася з 25 да 34, у прыватнасці дадаліся агароднінныя пазіцыі з гарбузы і агурка, на якія, як паказваюць маркетынгавыя даследаванні, расце попыт на рынку. У бягучым годзе на камбінаце будзе ўстаноўлена лінія па разліве сокаў у тару тэтрапак па 200 мл. Ужо закуплена тара, распрацавана гандлёвая марка "Ноўка-фруцік" - прадукцыя будзе вырабляцца па праграме імпартазамяшчэння. Асартымент сокаў для дзіцячага харчавання плануецца пашырыць, рэцэптуры распрацаваны. Увесці лінію ў эксплуатацыю мяркуецца ў першым паўгоддзі. Плануецца асвоіць выпуск кансерваў для дзіцячага харчавання на мяса-расліннай аснове. Для гэтага будзе набыта тэхналагічная лінія, увод у эксплуатацыю намечаны на другое паўгоддзе. Да агародніннага пюрэ стане дадавацца мясная сыравіна. Гэта будуць розныя спалучэнні: мяса індычкі з бульбай і капустай, мяса курыцы з зялёным гарошкам або капустай, ялавічына або печань з дадаткам агародніннага пюрэ. З 29 да 37 пазіцый пашыраны асартымент па агульнай кансервацыі: камбінат асвоіў выпуск салянак, салатаў, закусак і марынадаў, а таксама купажаваных нектараў на аснове яблыкаў і трапічных фруктаў. Актыўны экспарт дапамагае падтрымліваць высокія тэмпы росту вытворчасці. У першым квартале бягучага года выпушчана 768 туб дзіцячага харчавання, або 195,8% да аналагічнага перыяду мінулага года, і 305 туб кансерваў агульнага прызначэння (у I квартале 2009 года кансервы агульнага прызначэння не вырабляліся з-за рэканструкцыі цэха). Віцебскі плодаагароднінны камбінат заснаваны ў 1993 годзе, акцыянаваны ў 2008-м. У цяперашні час 100% акцый знаходзяцца ў уласнасці дзяржавы. Спецыялізуецца на выпуску пладова-ягадных і агароднінных кансерваў, у тым ліку для дзіцячага харчавання, пюрэ-паўфабрыкатаў, кансерваваных асептычным спосабам. На прадпрыемстве працуюць каля 200 чалавек.-0-