Віцебскі прытулак для бяздомных жывёл правядзе дзень адчыненых дзвярэй
Любы чалавек зможа пазнаёміцца з жыццём Шарыкаў і Мурзікаў, што засталіся без гаспадароў, 1 сакавіка — у Сусветны дзень котак.
Жывёлы, якія знаходзяцца ў прытулку, прышчэплены і стэрылізаваны, яны вельмі чакаюць свайго будучага гаспадара, якому можна будзе падарыць ласку, адданасць і бескарыслівую любоў. Супрацоўнікі прытулку ў сваю чаргу спадзяюцца, што добрыя людзі падзеляцца з братамі нашымі меншымі ежай, лекамі, цёплымі падсцілкамі. Рады тут будуць і грашовым ахвяраванням.
Цяпер віцебскі прытулак для бяздомных жывёл знаходзіцца ў цяжкім становішчы. Спецаўтабаза, на балансе якой ён знаходзіцца, праводзіць скарачэнне супрацоўнікаў, без дапамогі валанцёраў абысціся складана. Ёсць надзея, што ў дзень адкрытых дзвярэй частка гадаванцаў усё ж знойдзе свой дом. Для гэтага ўсім прэтэндэнтам на пухнатых сяброў трэба ўзяць з сабой пашпарт, ашыйнік або спецыяльную пераноску.
На дадзены момант у прытулку знаходзіцца каля 130 сабак, 70 шчанюкоў і 30 катоў. Ён перапоўнены, а таму іншых жывёл пакуль не прымае. За час існавання прытулку з вуліц горада ў новыя сем'і прыстроена каля 1,5 тысячы катоў і кацянят, прыкладна 1,2 тысячы дарослых псоў і шчанюкоў.
Алена Бегунова, "Рэспубліка"