Віцебскі школьнік атрымаў золата міжнароднай алімпіяды экалагічных праектаў

Віцебскі школьнік Ілья Саўчанка атрымаў залаты медаль на ХХII Міжнароднай алімпіядзе экалагічных праектаў INEPO-2014, паведаміла загадчыца сектара біялогіі Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Вераніка Пішчаліна.

Віцебскі школьнік Ілья Саўчанка атрымаў залаты медаль на ХХII Міжнароднай алімпіядзе экалагічных праектаў INEPO-2014, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца сектара біялогіі Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Вераніка Пішчаліна.

Мерапрыемства, якое штогод вызначае лепшых знаўцаў біялогіі і экалогіі з усяго свету, праходзіла з 9 па 12 мая ў Стамбуле. Сёлета ў алімпіядзе прынялі ўдзел старшакласнікі больш чым з 40 дзяржаў: Германіі, Расіі, Украіны, ЗША, Бразіліі, Японіі, Кітая, Емена, Ірана, Ірака, Нігерыі, Кот-д'Івуара, краін Афрыкі, Азіі, Індакітая. Кожная дзяржава дэлегавала на конкурс па два, у некаторых выпадках - па тры ўдзельнікі. Ад Беларусі былі прадстаўлены дзве працы, якія прайшлі папярэдні адбор у рэспубліцы і маюць практычны вынік.

Навучэнец 11 класа гімназіі №1, выхаванец Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Ілья Саўчанка падрыхтаваў праект "Уплыў выпальвання травы на фарміраванне супольнасцяў жужаліц". Ён быў распрацаваны сумесна з дацэнтам кафедры заалогіі, кандыдатам біялагічных навук ВДУ імя П.М.Машэрава Ігарам Саладоўнікавым. З гэтым праектам Ілья перамог на ХХV Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ вучняў па біялогіі і экалогіі, які праходзіў у пачатку бягучага года.

Абласны палац дзяцей і моладзі, дзе гімназіст дадаткова займаецца ў аб'яднанні па інтарэсах "Заалогія бесхрыбетных", дапамог яму з падрыхтоўкай прэзентацыйных матэрыялаў. Установа надрукавала для Іллі маляўнічы стэнд-банэр, буклеты і альбомы з асноўнымі тэзісамі навуковай працы, малюнкамі, графікамі, а таксама забяспечыла сувенірамі і нацыянальным касцюмам, у якім хлопец прадстаўляў свой праект і ўсю Беларусь.

"Абарона праекта доўжылася два дні. Члены журы, удзельнікі алімпіяды і проста ахвотныя маглі падысці да любога юнага даследчыка, папрасіць прадставіць навуковую працу, задаць пытанні. Таму трэба было не толькі глыбока разбірацца ў сваёй тэме і свабодна валодаць англійскай мовай, але і прыцягнуць да сябе як мага больш увагі, каб атрымаць вышэйшы бал", - патлумачыла Вераніка Пішчэліна.